Пракаповіч ідзе на рэкорд
- 5.04.2013, 11:02
Віцэ-прэм'ер РБ Пётр Пракаповіч прызначаны старшынёй камісіі па развіцці фінансавага рынку Беларусі.
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай пастанове Саўміна і Нацбанка ад 2 красавіка 2013 года № 251/5.
Згодна з гэтым дакументам, са складу камісіі таксама выключаны былы віцэ-прэм'ер Беларусі Сяргей Румас.
Нагадаем, гэта ўжо пятнадцатая пасада Пятра Пракаповіча. Ён займае не толькі пасаду віцэ-прэм'ера ва ўрадзе, але яшчэ і ўзначальвае мноства камісій.
У прыватнасці, Пракаповіч з'яўляецца прадстаўніком Урада Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў пасяджэннях Праўлення Нацыянальнага банка, старшынёй Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі, старшынёй Міжведамаснага савета па дзяржаўнай статыстыцы, старшынёй Камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання коштаўтварэння пры Савеце Міністраў, старшынёй Камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Савеце Міністраў Беларусі, членам Валютна-крэдытнай камісіі Савета Міністраў Беларусі, кіраўніком рабочай групы для падрыхтоўкі прапаноў аб спрашчэнні падатковай сістэмы Беларусі, намеснікам старшыні каардынацыйнага савета па біржавым гандлі, старшынёй Каардынацыйнага савета па збліжэнні заканадаўства Беларусі з Міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці, намеснікам старшыні атэстацыйнай Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, кіраўніком Міжведамаснай камісіі для каардынацыі працы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду па выкананні Праграмы развіцця лагістычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, прадстаўніком дзяржавы ў ААТ «БПС-Ашчадбанк», старшынёй Асацыяцыі «Беларускі саюз вяслярных відаў спорту».