Эксперт Хілюта: Не спадабалася фота аб службе ў войску
- 5.04.2013, 17:25
Удзельнік экспертызы, праведзенай у дачыненні да альбома «Belarus Press Photo» распавёў пра тое, як яна праходзіла.
Загадчык кафедры крымінальнага права і крыміналогіі юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вадзім Хілюта быў адным з экспертаў, на падставе заключэння якіх выданне было прызнанае экстрэмісцкім. Ён пагадзіўся адказаць на пытанні «Радыё Свабода».
- Камісія экспертаў прызнала фотаальбом экстрэмісцкім. А ваша асабістая пазіцыя з гэтай высновай супала?
- Я не быў старшынёй камісіі. Кожны выказваў сваё меркаванне, нашы пажаданні ў нейкай ступені былі адлюстраваныя, у нейкай - не. Але выніковы дакумент падпісаны ўсімі членамі камісіі, і калі б у кагосьці было нейкае адмысловае меркаванне, яго можна было пазначыць. Але такіх дадатковых дакументаў няма, наколькі ведаю. Што да мяне, у мяне асаблівага меркавання не было».
- Ну, які са здымкаў вам хоць бы запомніўся?
- Здымак аб службе ў беларускім войску.
- Дзе сядзіць шмат салдат у майках, а на сцяне партрэт Лукашэнкі?
- Так. Нешта не вельмі ён мне спадабаўся.
- А ў чым экстрэмізм у гэтай фатаграфіі? Фатограф ж нічога не прыдумаў, што было, то і было?
- Ох... Ёсць закон, і можна ў законе паглядзець, што можа лічыцца экстрэмісцкай дзейнасцю. Але тут ацэнка не канкрэтных фотаздымкаў: 1-га, 2-га, 10-га, 25-га ці 50-га. Гэта была агульная ацэнка.
- А колькі часу вам давалася на азнаямленне з фотаальбомам?
- Асабіста мне далі час у межах аднаго дня. Мне хапіла.
- Ці даводзілася вам раней працаваць у складзе падобных камісій?
- Так. Непасрэдна ў такой - не, але ў падобных - так. Бо я не ўсё жыццё працую ва ўніверсітэце, а працаваў раней як юрыст у судах, органах юстыцыі і ўдзельнічаў у рабоце шматлікіх камісій.
41 фотаальбом з фатаграфіямі леташняга конкурсу «Belarus Press Photo» забралі 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны лог» у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч.
Пра тое, што яны прызнаныя экстрэмісцкімі, стала вядома ўчора.
«Belarus Press Photo» - гэта першы адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. У гэтым годзе конкурс праводзіцца ў чацвёрты раз. Тыя самыя «экстрэмісцкія» фота пераможцаў конкурсу за 2011 год можна паглядзець тут.