Мілінкевіч, Някляеў і Янукевіч заклікаюць Захад пачаць дыялог з Лукашэнкам
- 8.04.2013, 16:07
Лідары руху «За свабоду», грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і Партыі БНФ выступілі з сумеснай заявай.
Прыводзім тэкст дакумента, падпісанага Аляксандрам Мілінкевічам, Уладзімірам Някляевым і Аляксеем Янукевічам, цалкам:
«Мы ўпэўненыя, што толькі вяртанне да паўнавартаснага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам істотна пашырыць магчымасці нашай краіны і грамадства для мадэрнізацыі і стварэння дэмакратычнага ладу.
Мы cыходзім з таго, што паўнавартасны дыялог магчымы толькі пасля вызвалення палітычных вязняў, уключаючы спыненне дзеяння судовых рашэнняў у дачыненні да ўмоўна асуджаных і асуджаных з адтэрміноўкай выканання прысуду. У той cамы час, мы лічым, што для ўмацавання стабільнасці ў рэгіёне і незалежнасці нашай краіны Еўрапейскі Звяз ужо цяпер можа распачаць шэраг крокаў, якія адначасова будуць спрыяць большай адкрытасці беларускага грамадства і правядзенню неадкладных эканамічных рэформаў.
Мы заклікаем ЕЗ у аднабаковым парадку:
1. Максімальна спрасціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, сыходзячы з магчымасцяў, якія дае Візавы кодэкс ЕЗ, з далейшым поўным скасаваннем консульскага збору за выдачу шэнгенскіх візаў;
2. Выявіць ініцыятыву і пачаць практычную рэалізацыю ў дачыненні да грамадзян Беларусі ўмоваў пагаднення аб малым памежным руху з Беларуссю ў 50-кіламетровай зоне на мяжы з Польшчай і Літвой;
3. Спрасціць для малога і сярэдняга бізнесу правілы стварэння і функцыянавання ў ЕЗ сумесных беларуска-еўрапейскіх прадпрыемстваў;
4. Пашырыць магчымасці для беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю, у тым ліку шляхам поўнафарматнага доступу беларускіх студэнтаў да ўдзелу ў праграме ERASMUS, павелічэння квотаў для беларусаў на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах еўрапейскіх універсітэтаў; прафесійных стажыровак у дзяржаўных структурах краінаў Еўразвяза, НДА і фабрыках думкі; пашырэння даследчых праграмаў, накіраваных на вывучэнне Беларусі, а таксама істотнага пашырэння праграмаў абмену для прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўных структур, навуковых арганізацый, грамадзянскага і палітычнага сектараў.
5. Пашырыць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, якія працуюць ўнутры Беларусі.
Мы прапануем, у выпадку выканання ўрадам Беларусі раней адзначаных умоваў і аднаўлення паўнавартаснага дыялогу з ЕЗ, вярнуцца да перамоваў з афіцыйным Менскам у межах «Сумеснага часовага плану» (кансультацыі былі распачатыя восенню 2010 года), што будзе спрыяць мадэрнізацыі і лібералізацыі Беларусі.
Мы падтрымаем любыя дзеянні, якія будуць адпавядаць прынцыпу - «больш Еўропы для Беларусі і беларусаў».
Мы заклікаем Еўрапейскі Звяз:
- Спрыяць набліжэнню Беларусі да еўрапейскіх стандартаў у розных галінах, кіруючыся жаданнямі яе грамадзянаў і нягледзячы на супрацьдзеянне ўладнай эліты;
- Не гуляць па правілах, устаноўленых беларускімі ўладамі, не чакаць рашэнняў беларускіх уладаў там, дзе ЕЗ можа прымаць уласныя рашэнні.
Мы ўсімі сіламі падтрымліваем ініцыятыву «Еўрапейскі Дыялог аб мадэрнізацыі» з беларускім грамадствам і заклікаем улады Беларусі неадкладна далучыцца да яе рэалізацыі.
Заклікаем дэмакратычную супольнасць Беларусі ўсяляк спрыяць здзяйсненню Еўрапейскім Звязам салідарных дзеянняў, якія спрыяюць правядзенню дэмакратычных і рынкавых рэформаў у Беларусі і садзейнічаюць руху краіны да еўрапейскіх стандартаў.