BE RU EN

У Менск прыедзе часовы павераны Швецыі

  • 9.04.2013, 15:33

Карл Більт заявіў пра хуткае аднаўленне работы амбасады Швецыі ў Беларусі.

Міністр замежных спраў Швецыі паведаміў пра гэта ў сваім акаўнце ў «Твітэры».

«Пасля пэўных складанасцяў мы адправім часовага паверанага кіраваць нашай амбасадай у Менску», - напісаў Карл Більт.

Закрыццё шведскай амбасады ў Менску звязана з несанкцыянаваным палётам у Беларусь некалькіх шведскіх грамадзян, якія правялі акцыю ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі.

1 жніўня 2012 года беларускія ўлады апавясцілі Швецыю пра непадаўжэнне акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.

У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі абвясціў пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме. Шведскаму боку было рэкамендавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Менска.

Апошнія навіны