Лукашэнка заклікае армянскі бізнес у Менск
- 13.05.2013, 15:03
(абноўлена) Беларусь гатовая даваць армянскім партнёрам «самыя спрыяльныя ўмовы» для размяшчэння капіталаўкладанняў і адкрыцця бізнесу.
Пра гэта сёння ў Ерэване заявіў Лукашэнка па выніках перамоваў з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам.
«Беларусь гатовая даваць армянскім партнёрам самыя спрыяльныя ўмовы для размяшчэння капіталаўкладанняў і адкрыцця бізнесу. Добрыя перспектывы, на наш погляд, маюць такія напрамкі інвестыцыйнага супрацоўніцтва, як машынабудаванне, інфармацыйныя тэхналогіі, фармацэўтыка, сельская гаспадарка, энергазберажэнне, вытворчасць харчовых прадуктаў», - заявіў ён .
«Мы разлічваем на дыялог як з бізнесменамі з Арменіі, так і з прадстаўнікамі замежнай армянскай дыяспары», - адзначыў беларускі кіраўнік.
У сваю чаргу Серж Саргсян распавёў, што на перамовах «былі абмеркаваныя канкрэтныя і перспектыўныя планы ў сферы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, забеспячэння ўзаемнага доступу тавараў і паслуг на рынках Беларусі і Арменіі». Таксама ёсць зацікаўленасць «ва ўзаемадзеянні ў галіне сельскай гаспадаркі, турызму, культуры і навукі, высокіх тэхналогій».
Беларускі дыктатар таксама заявіў, што Беларусь гатовая аказаць падтрымку Арменіі па асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
«Хачу, каб вы ведалі, што ў рэалізацыі намечанага беларусы заўсёды будуць побач. Мы заўсёды прыйдзем на дапамогу для таго, каб рэалізаваць намечаныя мэты, якія стаяць перад армянскім народам», - заявіў Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік сёння таксама папрасіў Арменію аказаць дапамогу беларускім спецыялістам у эксплуатацыі напачатку Беларускай АЭС, якую будуе Расея.
«Мы разлічваем, што хаця б дзесятак добрых спецыялістаў Арменія зможа накіраваць у Беларусь для таго, каб яны дапамаглі нам на першых этапах у эксплуатацыі АЭС, якая будуецца», - заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, Лукашэнка павінен прыняць 14 траўня ўдзел у цэрымоніі адкрыцця новай царквы Сурб Аванес (Св. Іаана) у Абавяне, пабудаванай на сродкі яго даўняга сябра Гагіка Царукяна. Акрамя царквы, алігарх мае намер у гэты дзень адкрыць казіно і забаўляльны цэнтр.