BE RU EN

Бакіевы фінансуюць экстрэмісцкія групоўкі

  • 15.05.2013, 10:20

Кыргызстан працягвае дамагацца экстрадыцыі Курманбека Бакіева і яго брата Жаныша ў сувязі з прысудам Ваеннага суда.

Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер-міністр Кыргызстана Шаміль Атаханаў 14 траўня ў інтэрв'ю агенцтву АКІpress.

«Мы гэтую працу будзем абавязкова працягваць. Забойства і масавае забойства - гэта сур'ёзныя абвінавачанні, па якіх дзяржава не мае права пакінуць гэтае пытанне і пакласці пад сукно. Мы па пытанні экстрадыцыі арганізоўваем сур'ёзную працу», - сказаў ён.

Ш.Атаханаў адзначыў, што працоўная група, якая пабывала ў Беларусі, правяла перамовы, вызначыла першыя этапы развіцця адносін. «Бо раней не было наогул магчымасці весці перамовы. Гэтая праца будзе прадоўжаная», - сказаў ён.

Браты Бакіевы пражываюць у Беларусі

«Жаныш Бакіеў мае некалькі дакументаў, па якіх ён перамяшчаецца па Расеі і краінах Прыбалтыкі, але асноўнае яго месцазнаходжанне - Менск, гэта мы дакладна ведаем», - распавёў Шаміль Атаханаў.

Як адзначыў віцэ-прэм'ер, былы прэзідэнт Курманбек Бакіеў таксама знаходзіцца ў Беларусі.

«Я ўпэўнены, што справядлівасць павінна перамагчы. У нас ёсць прысуд суда, міжнародныя акты па экстрадыцыі. Мы будзем дамагацца іх экстрадыцыі. У гэтым пытанні ў кыргызскага боку ёсць поўная прававая абгрунтаванасць», - сказаў ён.

Бакіевы фінансуюць экстрэмісцкія групоўкі

Дзейнасць па фінансаванні мерапрыемстваў у Кыргызстане сям'ёй былога прэзідэнта Бакіева вядзецца пастаянна, заявіў віцэ-прэм'ер-міністр Шаміль Атаханаў 14 траўня ў інтэрв'ю агенцтву АКІpress.

Паводле яго слоў, таксама пастаянна вядзецца фінансаванне пэўных груп. «Можа аб'ём фінансавання некалькі паменшыўся, таму што ў іх таксама ёсць свае выдаткі. Але разам з тым, фінансаванне вялося па арганізацыі процідзеяння дзеючай уладзе і пэўных экстрэмісцкіх груповак», - сказаў ён.

Ш.Атаханаў адзначыў, што такія дзеянні спыняюцца з боку органаў дзяржаўнай бяспекі і з боку іншых праваахоўных органаў. «Паглядзіце на мітынгі, напрыклад, мітынг Азымбека Бекназарава або любы іншы, ні адна спартыўная секцыя, ні адна злачынная групоўка не ўдзельнічала», - сказаў віцэ-прэм'ер-міністр.

Апошнія навіны