«Беражлівы» Лукашэнка працягвае насіць гадзіннік ад Patek Philippe
- 15.05.2013, 11:30
У Год беражлівасці беларускі кіраўнік працягвае насіць гадзіннік, які каштуе больш за восем яго заробкаў.
Лукашэнка ў абвешчаны ім самім Год беражлівасці па-ранейшаму носіць швейцарскі гадзіннік за 17 тысяч даляраў, які ў дзесяткі разоў даражэй, чым гадзіннік Барака Абамы, які аддае перавагу аксэсуару made in China за 200$.
Гадзіннік ад Patek Philippe Лукашэнка прадэманстраваў у гасцях у алігарха ў Арменіі, піша «Салідарнасць».
Нагадаем, у 2009-ым журналісты сфатаграфавалі гадзіннік Аляксандра Лукашэнкі падчас яго візіту ў Літву.
Дарэчы, у Арменію Лукашэнка лётаў на персанальным самалёце коштам менш за $100 млн. Тады як прэзідэнты Літвы і Фінляндыі лётаюць эканом-класам.
Як раней заяўляў беларускі кіраўнік, «тое, што мы купілі ў туркменскага боку самалёт, то для таго, каб зэканоміць, таму што новы ў 2-2,5 разы даражэй».
- Купіў самалёт б/у. Вось беражлівасць! - так адрэагаваў Лукашэнка на пытанне журналіста аб прыбіральні, душы і залатых шторках у яго самалёце, які прагучаў на прэс-канферэнцыі ў студзені.
Тады ён падкрэсліў, што ў побыце не імкнецца да раскошы, аднак лічыць правільным выконваць нейкі стандарт у вобразе жыцця.
Вось толькі стандарт гэты разыходзіцца з яго заробкам. У апошні раз Лукашэнка агучыў сваю зарплату ў траўні мінулага года, звяртаючыся са штогадовым пасланнем да народа. Паводле яго слоў, ён атрымлівае каля 2 тысяч даляраў у месяц. Аднак, гэта не перашкаджае яму дэманстраваць захапленне да дарагіх аксэсуараў, чый кошт складае больш за восем яго заробкаў.