BE RU EN

Барыс Жэліба: Расею нервуе пазіцыя Менска па МАЗе

  • 15.05.2013, 15:23

Не выключана, што расейскі бок спецыяльна запавольвае працэсы збыту беларускай прадукцыі для больш хуткага стварэння холдынгу МАЗ-КаМАЗ.

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў эканаміст Барыс Жэліба, каментуючы зніжэнне долі продажаў МАЗа на расейскім рынку амаль у 2 разы.

«Агульная прычына, па якой продаж МАЗаў у Расею ідзе не ў тых аб'ёмах, у якіх было раней, заключаецца ў тым, што тэмпы росту расейскай эканомікі таксама запаволіліся. Яна, як і беларуская, у пэўным сэнсе перажывае рэцэсію. Гаворачы эканамічнай мовай, на працягу двух кварталаў адсутнічае рост ВУП, ці ж ён складае сімвалічны 1%», - лічыць эканаміст.

Ён адзначыў, што канкрэтнай прычынай зніжэння долі МАЗа на расейскім рынку з'яўляецца ўступленне Расеі ў СГА.

«Гэта тычыцца ўсёй беларускай прадукцыі, якая будзе мець павышаны ўзровень канкурэнцыі. Трэба змагацца за рынак і за нішы, якія былі гарантавана замацаваныя за Беларуссю. Зараз аналагічная прадукцыя з'яўляецца з іншых краін. Напрыклад, МАЗ і КаМАЗ выпускае седлавыя цягачы. Але мы ж бачым, што на нашых дарогах ёсць шмат седлавых цягачоў іншых вядомых брэндаў. Гэта Mercedes, Volvo, Renault, Scania і гэтак далей. Таму МАЗ і КаМАЗ вымушаныя канкураваць з гэтымі брэндамі, так як па формуле «кошт-якасць» яны не заўсёды знаходзяць свайго пакупніка. МТЗ і БелАЗ адчувае такія ж цяжкасці на расейскім рынку. Такім прадпрыемствам трэба працаваць над якасцю, так як формула «невялікі кошт і адносна нармальная якасць ужо не спрацоўвае», - упэўнены навуковец.

Эксперт таксама выказаўся наконт ціску Расеі на Беларусь у пытаннях прыватызацыі буйных прадпрыемстваў.

«Мне б не хацелася думаць, што расейцы робяць штучныя перашкоды і спецыяльна запавольваюць працэсы збыту нашай прадукцыі, каб мы хутчэй стварылі холдынг МАЗ-КаМАЗ, але ўсё можа быць. Вядома, расейцаў нервуе пазіцыя беларускага боку, якая спецыяльна затарможвае гэта аб'яднанне для таго, каб зрабіць гэта на лепшых умовах, чым тыя, якія цяпер прапануе расейскі бок. Падобны псіхалагічны аспект мае месца і можа дзейнічаць», - сказаў на заканчэнне Барыс Жэліба.

Нагадаем, доля МАЗа на расейскім рынку скарацілася амаль у два разы. У той жа час колькасць продажаў лідара рынку - КамАЗа - вырасла. Беларусаў дагнаў і іншы расейскі канкурэнт - аўтазавод «Урал».

Таксама адзначым, што з-за праблем са збытам прадукцыі ў сакавіку і красавіку на МАЗе быў уведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень.

Апошнія навіны