Сланцавы бум: Украіна можа стаць лідарам Усходняй Еўропы
- 16.05.2013, 9:39
ЗША ўпэўнена працягваюць даваць майстар-клас не толькі па ўкараненні новых тэхналогій, але і па канвертаванні інавацый у геапалітычныя перавагі.
У гэтай сітуацыі ключавыя палітычныя і энергетычныя глабальныя гульцы аддаюць перавагу ўключыцца ў сланцавую гонку, чым шукаць іншыя контрмеры для адказу на сланцавы выклік, піша УНІАН.
Асноўнае пытанне пераводу энергетычнага поспеху ЗША ў «сланцавай» сферы ў геапалітычную плоскасць вырашыў прэзідэнт Барак Абама. Яго адкрытая заява аб мэтазгоднасці экспарту амерыканскага СПГ (спачатку ў сяброўскія краіны) для процідзеяння існуючым газавым манапалістам (Расея і Іран) практычна прадвызначыла зыход супрацьстаяння паміж вытворцамі «блакітнага паліва» і спажыўцамі. Апошнія, да ліку якіх адносяцца ўплывовыя карпарацыі (Alcoa, Dow Chemical, Huntsman і іншыя), занепакоеныя магчымасцю росту кошту на газ (цяпер трохі перавышае 100 даляраў за тыс. куб. м) пасля пачатку экспарту. Неўзабаве Сенат ЗША павінен даць сваё канчатковае «дабро», але застаецца ўсё менш сумневаў у пазітыўным вырашэнні дадзенага пытання. У ЗША геапалітыка ў спалучэнні з негалосным лабізмам энергетычных карпарацый заўсёды была ў прыярытэтах дзяржаўнай стратэгіі.
Але справа не толькі ў Злучаных Штатах, якія ўжо запусцілі працэс глабальнага энергетычнага перафарматавання сваімі сланцавымі тэхналогіямі. Каб не адстаць ад лідара, многія вядучыя краіны ўцягнулася ў «сланцавую гонку».
У Велікабрытаніі, дзе забарона на распрацоўку сланцавага газу была знятая ў снежні 2012 года, кампанія IGAS абвясціла пра намер прасвідраваць 2 выведачныя свідравіны да канца 2013-га, атрымаўшы магчымасць ацаніць перспектыву шырокай здабычы сланцавых вуглевадародаў. Акрамя таго, урад краіны рыхтуе падатковыя льготы будучым газавым вытворцам. У складанай эканамічнай сітуацыі запуск здабычы сланцавага газу спрыяе не толькі энергетычнаму сабазабеспячэнню і бяспецы, але і дазваляе стварыць новыя працоўныя месцы ў рэгіёнах.
У Германіі таксама намячаецца кампраміс адносна дазволу тэхналогій гідраразрыва пласта (фрэкінг), неабходных для здабычы сланцавага газу. У пачатку траўня ўдзельнікі кіруючай кааліцыі - ХДС/ХСС і Свабодная дэмакратычная партыя (СДП) - узгаднілі адпаведны праект закона і падалі яго ў парламент. Дакумент утрымлівае шмат засцярог, але ў цэлым дае «зялёнае святло» пачатку здабычы сланцавага газу. Тым часам, нямецкая энергетычная кампанія Wintershall заявіла, што вітае законапраект і гатова пачаць здабычу ў выпадку заканадаўчага дазволу выкарыстання неабходных тэхналогій. Гэта дазволіць Германіі істотна павялічыць здабытую на сваёй тэрыторыі частку прыроднага газу, якая цяпер складае 13%.
Адзін з патэнцыйных лідараў па сусветных запасах сланцавага газу - Кітай - на днях заявіў аб важных 5 тэхналагічных прарывах падчас паскоранага асваення яго здабычы. Кітайскія поспехі адносяцца, у першую чаргу, да распрацоўкі абсталявання для бурэння свідравін, асваення хімікатаў для здабычы газу і распрацоўкі свідравога раствора. Па заяве кітайскага боку, такія дасягненні дазволяць істотна знізіць сабекошт здабычы сланцавага газу і паменшыць газавую залежнасць ад імпарту. Гэта можа нанесці прыкметныя страты планам Расеі па разгортванні маштабнага газавага экспарту ў КНР.
Між тым, захоўваецца супярэчлівы падыход да здабычы сланцавага газу ў некаторых еўрапейскіх краінах. Напрыклад, у Польшчы працэс разведкі гэтага рэсурсу развіваецца павольна. Прычыны хаваюцца як у зніжэнні прагнозаў па аб'ёмах запасаў, так і ў нежаданні ўрада дапускаць амерыканскія кампаніі да здабычы. Жаданне польскага кіраўніцтва кантраляваць працэс, хутчэй за ўсё, замарудзіць развіццё вытворчасці сланцавага газу ў гэтай краіне, але, наўрад ці, спыніць. У выніку, пальма тэхналагічнага першынства па ўкараненні сланцавых тэхналогій ва Усходняй Еўропе можа апынуцца ва Украіны.
Здабыча сланцавага газу не абяцае хуткіх вынікаў для Кіева. Гэта, як мінімум, - перспектыва 3-5 гадоў. На працягу гэтага перыяду будзе адбывацца выведка, ацэнка і падрыхтоўка да шырокамаштабнай здабычы, калі пробнае бурэнне пакажа наяўнасць камерцыйна выгадных запасаў газу для вытворчасці. Тым не менш, удзел Украіны ў дадзеным працэсе, які прасоўваюць еўрапейскія і амерыканскія кампаніі, - шанец на тэхналагічную мадэрнізацыю айчыннага нафтагазавага комплексу пры дапамозе экспарту сланцавых тэхналогій. Безумоўна, усе нюансы і рызыкі, звязаныя са здабычай сланцавага газу, патрабуюць павышанай увагі улады. Новы нямецкі заканадаўчы вопыт у гэтым пытанні можа стаць вельмі карысным. Але добраахвотны выхад Украіны са «сланцавай гонкі» стане неацэнным падарункам тым гульцам, якія зацікаўленыя ў доўгатэрміновай украінскай залежнасці ад іх манапольных нафтагазавых паставак.