Лукашэнка просіць нафту ў Сечына
- 16.05.2013, 15:58
Уладца прапанаваў кіраўніку «Раснафты» павялічыць пастаўкі ў Беларусь.
«Калі, дапусцім, умовы будуць нармальныя, лепш, чым у іншых кампаній, то мы можам узяць большую колькасць нафты на перапрацоўку, пры вашым, вядома ж, жаданні. Тут у нас праблем ніякіх няма», - сказаў Лукашэнка падчас сваёй сустрэчы з Ігарам Сечыным і прэзідэнтам кампаніі «Руснафта» Міхаілам Гуцэрыевым.
Таксама ўладца прапанаваў павялічыць пастаўкі газу ў Беларусь.
«У вас ужо пад 50 млрд куб.м газу, вы не ставіце на экспарт, але, я думаю, унутры, у «саюзнай дзяржаве», мы маглі б дамовіцца. І вы маглі б пад 3 млрд куб.м перапрацоўваць, калі мы пабудуем новы завод, а пляцоўка ўжо гатовая. Вы пастаўляеце газ, дамовімся па акцыянаванні прадпрыемства і пастаўках на знешні рынак, вельмі добрая эканоміка», - сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што гатовы пагаварыць пра гэта з Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік таксама заявіў, што не бачыць ніякіх перашкод для паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею і прапанаваў удзельнікам сустрэчы ўдзел у рэалізацыі праектаў у сферы хімічнай прамысловасці.
Эканаміст Леанід Заіка ўпэўнены, што большая колькасць нафты і газу Лукашэнку трэба для падтрымання на плаву беларускай эканомікі.
«Ігар Сечын - афіцэр ФСБ і «наглядальнік» за нафтагазавым сектарам у Расеі. Ён падсправаздачны асабіста Пуціну. Лукашэнку трэба выконваць свае абяцанні пра рост заробкаў, таму ён вымушаны звяртацца да Сечына. Прасіць напрамую ў Пуціна зневажальна. Гэта асабістае. Лукашэнка думаў, што «перасядзіць» Пуціна», але не атрымалася. Таму асабістыя крыўды не даюць яму звярнуцца да прэзідэнта Расеі. Да Пуцін і не дасць.
Яшчэ раз паўтару, што для ўнутраных патрэб краіне трэба сем мільёнаў тон нафты. Усё астатняе трэба Лукашэнку для продажу. Кожны дадатковы мільён тон нафты дае прыкладна паўмільярда даляраў прыбытку», - сказаў эксперт.
Нагадаем, Ігар Сечын і раней прымаў удзел у перамовах, якія тычыліся паставак энергарэсурсаў і адстойваў жорсткую пазіцыю расейскіх уладаў па прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.
У 2013 годзе Менск і Масква ўзгаднілі пастаўкі нафты толькі на I-II кварталы ў аб'ёме па 5,75 млн тон. Раней паведамлялася, што бакі плануюць падпісаць гадавы баланс па нафце да сярэдзіны чэрвеня. Беларускі бок запытвае на бягучы год магчымасць імпарту 23 млн тон нафты.