Палецкіс: У Беларусі адбылося прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека
- 21.05.2013, 12:17
Дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі падрыхтаваў справаздачу.
Дакумент, у якім змяшчаюцца рэкамендацыі па змене палітыкі ЕЗ у дачыненні да афіцыйнага Менска, быў апублікаваны на сайце Еўрапейскага парламента 6 траўня (пераклад - charter97.org).
Юстас Палецкіc адзначае, што з 1994 года ў нашай краіне не праводзіліся свабодныя і справядлівыя выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Таксама ён нагадвае, што напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2010 года ўзаемаадносіны Еўразвяза і Беларусі «атрымалі станоўчы імпульс, але жорсткія рэпрэсіі пасля яе прывялі да пагаршэння стану». У дакладзе гаворыцца пра неабходнасць безумоўнага і неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі (аднаўлення ў палітычных і грамадзянскіх правах) ўсіх палітычных зняволеных. Гэты крок, на думку аўтара дакумента, павінен стаць «перадумовай для паступовай адмены абмежавальных мер ЕЗ у дачыненні да афіцыйнага Менска».
Пры гэтым дакладчык адзначае, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека, а «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» аказаў станоўчы ўплыў на развіццё грамадзянскай супольнасці».
Зыходзячы з гэтага, Юстас Палецкіс вылучыў шэраг рэкамендацый Вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі, Радзе ЕЗ і Еўракамісіі.
Пра палітычны дыялог
Юстас Палецкіс рэкамендуе «выкарыстаць старшынства Літвы ў ЕЗ і саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні як унікальныя магчымасці для паляпшэння адносін з Беларуссю, у тым ліку - з мэтай перазагрузкі палітычнага дыялогу, у прыватнасці, для правядзення дэмакратычных рэформаў і павагі вяршэнства права, захавання правоў чалавека і асноўных свабодаў».
Таксама ў дакуменце прапануецца разгледзець прыпыненне дзеяння санкцый Еўрапейскага Звяза ў дачыненні да ключавых службовых асоб беларускага рэжыму «для пашырэння асноўных і неабходных дыпламатычных каналаў сувязі з Беларуссю з улікам правядзення саміту «Усходняга партнёрства».
Яшчэ адна рэкамендацыя тычыцца падрыхтоўкі стратэгічнай «дарожнай мапы» - часовага плана па прыярытэтных кірунках рэформаў у Беларусі, які будзе змяшчаць прапановы па актывізацыі палітычнага дыялогу. У дакладзе адзначаецца, што гэты крок у канчатковым рахунку можа прывесці да «аднаўлення перамоваў па новым ўсёабдымным пагадненні і павінен змяшчаць прапановы па аднаўленні міжпарламенцкіх сувязяў у рамках «Еўранэста».
Юстас Палецкіс лічыць неабходным «пашырэнне кантактаў з беларускімі службовымі асобамі ў мэтах садзейнічання адкрытасці ў адносінах да ЕЗ і павышэння ўзроўню супрацоўніцтва».
Пра эканамічнае і энергетычнае супрацоўніцтва
Дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента прапаноўвае «выкарыстоўваць канструктыўны тэхнічны дыялог паміж ЕЗ і Беларуссю па макраэканамічным развіцці і фінансавых пытаннях для дасягнення рэальнай прыхільнасці Менска паступовым макраэканамічным і структурным рэформам, уключаючы прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і лібералізацыю банкаўскай сістэмы». Ён падкрэслівае, што падобныя пераўтварэнні «будуць спрыяць еўрапейскім інвестыцыям і міжнародным крэдытам, а таксама перамовам аб уступленні нашай краіны ў СГА.
Таксама прапануецца «заахвочваць Беларусь у выкананні рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы, у прыватнасці, у дачыненні да свабоды асацыяцыяў, рэгістрацыі і дзейнасці незалежных прафсаюзаў».
У дакладзе гаворыцца пра неабходнасць забеспячэння з боку Беларусі выканання «самых высокіх міжнародных стандартаў бяспекі пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі.
Пра памежнае супрацоўніцтва
Юстас Палецкіс лічыць неабходным умацаванне супрацоўніцтва паміж ЕЗ і Беларуссю ў барацьбе з трансмежнай злачыннасцю. У прыватнасці, гэта тычыцца садзейнічання ў мадэрнізацыі памежнага кантролю. У дакладзе рэкамендуецца «разгледзець пытанне аб павелічэнні фінансавай дапамогі нашай краіне «з мэтай укаранення найноўшых сістэм памежнага кантролю і сучаснай інфраструктуры».
Грамадзянская супольнасць і кошт віз
Дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента прапануе актывізаваць тэхнічную і фінансавую падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ, праваабаронцам і прафсаюзам, а таксама разгледзець у аднабаковым парадку пытанне аб зніжэнні кошту віз для грамадзян Беларусі. Дакумент заклікае афіцыйны Менск прыняць неадкладныя меры па рэалізацыі пагадненняў аб мясцовым памежным руху з Польшчай і Літвой.
Нагадаем, Палецкіс наведваў Беларусь у сакавіку 2013 года. Гэты візіт падвергся крытыцы з боку беларускай апазіцыі, праваабаронцаў і сваякоў палітвязняў.
Юстас Палецкіс фігуруе ў плане лорда Бэла па выратаванні рэпутацыі дыктатуры Лукашэнкі. Справаздача змяшчае пункт «Прамое лабіраванне», дзе гаворыцца пра працу з канкрэтнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі.