BE RU EN

Пазняк асудзіў ініцыятыву НЯМ (Някляева-Янукевіча-Мілінкевіча)

  • 23.05.2013, 10:47

Лідар КХП-БНФ выказаўся з нагоды «кур'ёзнай заявы з боку канторскай дэмакратыі».

Старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк даў ацэнку ініцыятыве Мілінкевіча, Янукевіча і Някляева аб правядзенні «Народнага рэферэндуму».

У сваім лісце Пазняк напісаў:

«Пару дзён таму прагучала чарговая кур'ёзная заява з боку «канторскай дэмакратыі»(Мілінкевіча, Янукевіча і Някляева, які далучыўся да іх) аб правядзенні «Народнага рэферэндуму» па пытанні, змест якога яны яшчэ не ведаюць, але думаюць пазнаць (рэферэндум, згодна з законам рэжыму, праводзіць рэжым). Ніхто з сур'ёзных людзей не збіраецца абмяркоўваць гэтую прапанову, тым больш, што з заяўнікамі даўно ўжо ўсё зразумела».

«Але ёсць адно «але», - дадае палітык. - Перад гэтым гэтыя ж людзі і гэтыя ж групоўкі абвясцілі, што з 25 траўня па 3 чэрвеня збіраюцца правесці агульнанацыянальную талаку ў Курапатах, каб навесці там нейкі свой парадак. На працягу 12-ці гадоў нашай працы ў Курапатах па стварэнні Народнага Мемарыялу «Курапаты» мы ніколі не бачылі там гэтых заяўнікаў, ніхто з іх не тое што не працаваў там, але нават не выказаў падтрымку добрай справе... Цяпер гэтыя асобы збіраюцца раптам арганізоўваць нейкае мерапрыемства ў Курапатах... Усё гэта выклікае падазрэнні ў сапраўднасці намераў названых асоб, тым больш, што даверу ім няма».

Нагадаем, рух «За Свабоду», Партыя БНФ і «Гавары праўду» абвясцілі пра пачатак кампаніі «Народны рэферэндум». 20 траўня на прэс-канферэнцыі тры апазіцыйныя арганізацыі заявілі пра доўгатэрміновае стратэгічнае партнёрства. Супрацоўніцтва разлічана, па меншай меры, на тры бліжэйшыя выбарчыя кампаніі - «выбары» ў мясцовыя саветы, прэзідэнцкія і парламенцкія «выбары».

Апошнія навіны