Пінскія памежнікі адзначылі сваё свята пад расейскі гімн
- 28.05.2013, 12:40
На галоўнай плошчы горада ваенны аркестр іграў галоўны ваенны марш Расейскай імперыі - марш Праабражэнскага палка.
Сваё прафесійнае свята пінскія памежнікі пачалі адзначаць у цэнтры горада, перадае «Еўрарадыё».
На плошчы побач з былым езуіцкім калегіумам ваенны аркестр правёў эфектны пляц-парад, а затым сваё майстэрства прадэманстравала кіналагічная служба.
Праўда, вельмі дзіўна было пачуць марш Праабражэнскага палка ў выкананні ўдзельнікаў аркестра. Гэтак жа недарэчна гучалі словы пра перамогі маскоўскіх войскаў на чале з царом над шведамі і палякамі, якія абярнуліся для Вялікага княства Літоўскага, асноўнай часткай якога былі беларускія землі, акупацыяй і знішчэннем тысяч жыхароў.
Нагадаем, пасля руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася з амаль трох да 1,4 мільёнаў. Падчас Паўночнай вайны Пятра I са Швецыяй загінула трэць беларусаў.