Спецдакладчык ААН: Беларускіх палітвязняў катуюць у турмах
- 3.05.2013, 8:25
Беларускім уладам рэкамендавана неадкладна вызваліць з турмаў усіх палітычных апанентаў, праваабаронцаў і актывістаў.
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе, які прадставіў для азнаямлення Радзе ААН па правах чалавека спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Міклаш Харашці, паведамляе БелаПАН.
Даклад плануецца разгледзець падчас 23-й сесіі Рады, якая пройдзе з 27 траўня па 14 чэрвеня ў Жэневе.
Харашці адзначае, што сітуацыя з палітвязнямі выклікае вялікую занепакоенасць. «Умовы іх утрымання ў турмах разам з інфармацыяй аб псіхалагічным і фізічным ціску могуць быць расцэненыя як неналежнае ўтрыманне, а часам і катаванні», - гаворыцца ў дакладзе.
Ураду Беларусі таксама рэкамендавана прыняць меры для ліквідацыі ўсіх перашкод, якія замінаюць актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны, а таксама гарантаваць бесстаронняе прымяненне законаў на практыцы.
Акрамя гэтага, афіцыйнаму Менску рэкамендавана актывізаваць работу парламенцкай групы па вывучэнні пытання смяротнага пакарання, апублікаваць вычарпальную інфармацыю па ўжо прыведзеных у выкананне прысудах і неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай.
Уладам рэкамендуецца таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста, выпадкаў пазбаўлення ліцэнзій і пераследу адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года; гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.
Спецдакладчык па Беларусі заклікае ўлады гарантаваць, што ўсе грамадзяне, якія затрымліваліся, будуць хутка інфармавацца пра прычыны свайго затрымання і абвінавачванні, якія ім вылучаюцца, а таксама мець бесперашкодны доступ да адваката. Пры гэтым рэкамендавана гарантаваць абсалютную забарону на катаванні і іншыя віды неналежнага абыходжання з затрыманымі.
У дакладзе ўтрымліваецца рэкамендацыя перагледзець і прыняць такое заканадаўства, якое «будзе абараняць мірныя сходы, у тым ліку спантанныя акцыі». Акрамя таго, лічыць аўтар дакумента, неабходна ўнесці папраўкі ў законы і практыку іх прымянення з тым, каб грамадскія арганізацыі маглі стварацца праз простую, лёгка даступную і недыскрымінацыйную працэдуру.
Беларускім уладам таксама рэкамендавана забяспечыць абарону праваабаронцаў і журналістаў ад пераследу, запалохвання і гвалту, правесці поўнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх падобных выпадкаў.
Харашці звяртае ўвагу Рады ААН па правах чалавека на тое, што так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, паколькі беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім. Пры падрыхтоўцы дакладу, паведамляе спецдакладчык, у яго адбыліся сустрэчы за межамі Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі, журналістамі.