Макей пад прыкрыццём ААН сабраўся ў ЗША
- 3.05.2013, 14:04
(абноўлена - 14.28) Кіраўнік беларускага МЗС, які знаходзіцца пад санкцыямі, паляціць у Нью-Йорк.
Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, 3 траўня адбылася сустрэча міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з прадстаўніком ААН у нашай краіне Санакай Самарасінхай.
У ходзе сустрэчы абмеркаваная рэалізацыя Рамачнай праграмы ААН па аказанні садзейнічання Беларусі на 2011-2015 гады, у якой акумулюецца праграмная дзейнасць усіх устаноў сістэмы ААН у Беларусі. Адбыўся абмен думкамі па нядаўна завяршаннаму працэсу сярэднетэрміновага агляду Рамачнай праграмы. Бакі пагадзіліся з неабходнасцю далейшых сумесных дзеянняў па мабілізацыі донарскіх рэсурсаў у мэтах рэалізацыі праграмы.
Былі закранутыя таксама тэмы маючай адбыцца сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі з Генеральным сакратаром ААН, якая адбудзецца ў Нью-Йорку. Яна пройдзе ў рамках пасяджэння высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН па агляду выканання Глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі (13 траўня 2013 г.), менскай рэгіянальнай канферэнцыі па краінах з сярэднім узроўнем даходу ў кантэксце ўстойлівага развіцця (16-17 траўня 2013 г. ), нацыянальных кансультацый па распрацоўцы парадку дня ААН на перыяд пасля 2015 года (завяршыліся ў красавіку 2013 года).
Нагадаем, міністр замежных спраў Беларусі знаходзіцца ў спісе чыноўнікаў і алігархаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі з-за рэпрэсій у нашай краіне. Яму забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Звяза і ў ЗША. Аднак гэтая забарона не тычыцца паездак, якія ажыццяўляюцца па запрашэнні некаторых міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН.