Украіна пачала пастаўкі газу са Славакіі
- 3.05.2013, 16:43
Кіеў будзе атрымліваць газ з Еўрапейскага звяза па яшчэ аднаму рэверснаму патоку праз Славакію.
«Я звярнуўся за падтрымкай да еўрапейскага камісара (Гюнтэра Отынгера) аб адкрыцці новага рэверснага калідора праз тэрыторыю Славакіі. 15 траўня будзе запушчаны тэставы рэжым і праведзены тэставы абмен дадзенымі па чарговым рэверсным шляху з Еўропы ва Украіну і з Украіны ў ЕЗ», - паведаміў міністр паліва і энергетыкі Эдуард Ставіцкі, піша «Корреспондент».
Сёння, 3 траўня, у Брусэлі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася падчас двухдзённага міжнароднага круглага стала высокага ўзроўню па пытанні ўкраінскага газавага рынку, ён сказаў, што ўкраінскі бок чакае таксама рэалізацыі першага этапу мадэрнізацыі ўкраінскай газатранспартнай сістэмы.
«Гаворка ідзе пра суму $550 млн, з якіх 240 млн - гэта сродкі НАК Нафтагаз і 310 млн - сродкі міжнародных фінансавых інстытуцый», - сказаў чыноўнік, адзначыўшы, што ва Украіне чакаюць новых праектаў, а менавіта, «падпісання дамоваў».
«Першы мы падпісалі ў студзені з Shell і цяпер, максімум, на працягу двух месяцаў будуць падпісаныя яшчэ два кантракты з Шэўрон і пулам кампаній, узначаленым ExxonMobil. Гэтыя дзеянні нацэленыя на забеспячэнне ўнутранага рынку газам», - распавёў украінскі міністр.
Таксама ён паведаміў, што ў бліжэйшы час будуць завершаныя тэхнічныя апрацоўкі інвестыцыйнага праекта па павелічэнні магчымасцяў сховішчаў газу на тэрыторыі Украіны.
«Пры выкананні інвестыцыйнага праекта, які мы зараз тэхнічна ўжо практычна ўзгаднілі, мы выйдзем на захаванне 50 млрд кубічных метраў», - заявіў міністр, адзначыўшы, што ўкраінскі бок разлічвае на падтрымку Еўракамісіі ў гэтым пытанні.
Ставіцкі нагадаў, што на сёння ўкраінскія газавыя сховішчы маюць магчымасці аб'ёму ў 31 млрд кубаметраў. Таксама ён удакладніў, што мадэрнізацыя і развіццё ўкраінскіх газавых сховішчаў з'яўляецца часткай працэсу па стварэнні на тэрыторыі Украіны цэнтральна вузла (хаба), што забяспечыць транспарціроўку газу ў рэгіёне ў розных рэжымах, а таксама яго захоўванне.
Як паведамлялася, Украіна з лістапада 2012 года пачала імпарт прыроднага газу з Германіі праз тэрыторыю Польшчы, з красавіка 2013 пачаліся пастаўкі з боку Венгрыі, вядуцца перамовы з газатранспартнымі аператарамі Славакіі і Румыніі. Усяго ўкраінскі бок спадзяецца атрымліваць у год да 7 млрд кубаметраў газу з Еўропы. Партнёрам па гэтым праекце выступае кампанія RWE, з якой у Газпрама цягнуцца арбітражныя спрэчкі аб умовах паставак расейскага газу.
24 красавіка кіраўнік праўлення Газпрама Аляксей Мілер, адказваючы на пытанне журналістаў аб рэверсных пастаўках газу ва Украіну з Еўропы, заявіў, што «фізічны рэверс з Еўропы ва Украіну проста немагчымы - няма асобнага газаправода». Аднак украінскія і нямецкія партнёры Газпрама не згодныя з заявай Мілера аб незаконным рээкспарце расейскага газу.
Нагадаем таксама, што віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Юрый Бойка заявіў, што Украіна ажыццяўляе фізічныя пастаўкі газу з Еўропы па двухбаковым кантраце, падстаў казаць пра віртуальны рэверс няма. Еўрапейскі камісар па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Отынгер таксама заявіў пра поўную законнасць рэверсных паставак газу з Еўрапейскага Звяза ва Украіну.