BE RU EN

Улады раяць не спяшацца прыватызаваць жыллё

  • 30.05.2013, 10:50

У Менску каля 13% кватэр не прыватызаваныя, а афіцыйныя СМІ просяць не ствараць ажыятаж.

Колькасць жадаючых прыватызаваць кватэру ў Менску ў траўні ўзрасла ў тры разы.

Пра гэта БелТА паведаміла начальнік упраўлення суправаджэння электронных баз дадзеных «адно акно» Нэлі Пажыток.

Так, толькі адміністрацыя Ленінскага раёна за тры тыдні месяца прыняла 326 заяваў, тады як за красавік - 112, а за чатыры месяцы 2013 года - 388. Такая ж сітуацыя назіраецца і па іншых раёнах. «Усяго за студзень-красавік службы «адно акно» прынялі 3 тыс. 787 заяваў на прыватызацыю, па выніках студзеня-траўня лічба значна ўзрасце», - адзначыла Нэлі Пажыток.

Як адзначылі ва ўпраўленні жыллёвай палітыкі Менгарвыканкама, у Менску 87% жылля знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, 13% - непрыватызаваныя кватэры (у іх лік уваходзяць і сацыяльныя, службовыя кватэры, кватэры, якія здаюцца па дамове найму).

Ажыятаж узнік пасля таго, як у СМІ з'явілася інфармацыя пра запланаваныя змены ў нарматыўныя акты, якія прадугледжваюць, што ў Беларусі непрыватызаванае грамадзянамі жыллё будуць пераводзіць у арэнднае.

Афіцыёзнае агенцтва БелТА спасылаецца на неназваных спецыялістаў і дае рэкамендацыю: пакуль падрыхтаваны толькі праект указа, і няма падстаў для паспеху.

Пытанні прыватызацыі дзяржаўнага жылля рэгулююцца законам «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь», дэкрэтам прэзідэнта «Аб упарадкаванні абарачэння і выкарыстання імянных прыватызацыйных чэкаў «Жыллё», палажэннем Саўміна аб прыватызацыі дзяржаўнага жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі і рамонце. Разлік кошту прыватызацыі жылога памяшкання ажыццяўляецца на падставе пададзенай у службе «адно акно» заявы i неабходных дакументаў.

Кошт залежыць ад метражу кватэры, яе размяшчэння, матэрыялу сцен дома і іншых тэхнічных характарыстык. Першы ўнёсак складае 10% ад кошту, усю астатнюю суму можна выплачваць на працягу некалькіх гадоў, максімальна - на працягу 40 гадоў.

Апошнія навіны