Ільготнікам забаранілі здаваць і прадаваць кватэры
- 30.05.2013, 20:49
Забараняецца здаваць кватэры да поўнай сплаты крэдыту і прадаваць іх цягам пяці гадоў пасля гэтага.
Аб гэтым гаворыцца ва ўказе № 246, які ўносіць змены ў парадак дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля. Ён быў падпісаны Лукашэнкам сёння.
«З аднаго года да 5 гадоў павялічваецца забарона на адчужэнне жылых памяшканняў, пабудаваных з прыцягненнем ільготных крэдытаў, у выпадках датэрміновай сплаты крэдыту.
Устанаўліваецца таксама забарона на прадастаўленне грамадзянамі жылых памяшканняў на дамову найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду, пабудаваных з прыцягненнем ільготнага крэдыту, да поўнай яго сплаты, за выключэннем выпадкаў, калі здача ў наём названых жылых памяшканняў дазволена адпаведнымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі», - гаворыцца ў каментарах да ўказа.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы супольна з МУС будуць забяспечваць сістэматычны кантроль за выкананнем новых правілаў.
У выпадку парушэнняў устаноўленага парадку Указам прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафаў.
Указ уваходзіць ў дзеянне з 1 чэрвеня 2013 года.