Мінэканомікі праверыць загружаныя склады
- 6.05.2013, 11:24
Міністэрства эканомікі ў траўні ацэніць працу прампрадпрыемстваў па скарачэнні складскіх запасаў.
Як паведамляе прэс-служба Мінэканомікі, у апошняй дэкадзе красавіка адбылося пасяджэнне прэзідыума Савета міністраў, на якім разглядалася эканамічнае развіццё краіны ў першым квартале 2013 года. Па выніках пасяджэння кіраўнікам органаў дзяржкіравання, кіраўнікам абласных адміністрацый даручана правесці ацэнку вынікаў працы прадпрыемстваў прамысловасці, а таксама кіруючых кадраў гэтых арганізацый.
Па выніках ацэнкі кіраўнікам дзяржорганаў і рэгіёнаў даручана прыняць рашэнні, якія забяспечаць выкананне найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. У тым ліку, павінны быць прынятыя меры па скарачэнні складскіх запасаў, павелічэнні долі экспартных адгрузак ў агульным аб'ёме вырабленай прадукцыі, павелічэнні рэнтабельнасці продажаў і зніжэнні колькасці стратных арганізацый.
Акрамя таго, кіраўнікам міністэрстваў і канцэрнаў даручана прыняць дадатковыя меры, якія садзейнічаюць нарошчванню аб'ёмаў вытворчасці і экспарту ў недзяржаўным сектары эканомікі.
Нагадаем, па дадзеных Белстата, у I квартале 2013 года складскія запасы ў прамысловасці склалі 79,7% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, або Br32,33 трлн у фактычных коштах. У параўнанні з пачаткам года складскія запасы выраслі на 45%.