Справа аб забароне сцягоў на ЧС у Швецыі можа дайсці да суда
- 7.05.2013, 12:49
Абаронцы бел-чырвона-белага сцяга хочуць падаць у суд на Швецыю і арганізатараў чэмпіянату свету па хакеі.
Шведская журналістка Ізабель Сомерфельд з грамадскай арганізацыі «Info Belarus» заявіла «Белсату», што яна і яе паплечнікі разглядаюць магчымасць падачы судовага пазову супраць арганізатараў чэмпіянату і шведскай дзяржавы за дыскрымінацыю ўладальнікаў бел-чырвона-белых сцягоў, аргументуючы сваю правату, сярод іншага, тым , што расейскіх заўзятараў ніхто не выдаляе з матчаў за тое, што яны выкарыстоўваюць сцягі СССР.
Прыкладна за 45 хвілін да пачатку матчу Беларусь-Швецыя ўчора каля арэны луналі бел-чырвона-белыя сцягі - пачалася акцыя пратэсту супраць рашэння Міжнароднай федэрацыі хакея забараніць выкарыстанне гістарычнай беларускай сімволікі падчас чэмпіянату свету 2013 года, які ў гэтым годзе праходзіць у Швецыі і Фінляндыі . Каля 30 удзельнікаў пікету - шведы і беларусы, якія жывуць у Швецыі, прыцягнулі ўвагу СМІ. Акцыю асвятлялі вядомыя медыя Швецыі, так як сітуацыя, калі беларускіх заўзятараў напярэдадні выдалілі са стадыёна з-за таго, што тыя развярнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, актыўна абмяркоўвалася ў апошнія дні.
Побач з пратэстоўцамі стаяла група заўзятараў з Беларусі ў майках і шаліках з выявамі цяперашняй афіцыйнай сімволікі. У канцы пікету шведскія журналісты паведамілі арганізатарам акцыі, што, паводле іх інфармацыі, хакейная федэрацыя пагадзілася пайсці на кампраміс - са сцягамі можна будзе ўваходзіць, трымаць іх на плячах, але не ўздымаць.
На самім матчы, аказалася, што асаблівай увагі на бел-чырвона-белыя сцягі невялікіх памераў ахова не звяртала. Аднак, калі адзін з заўзятараў на ніжніх трыбунах папярэдзіў ахоўніка, што збіраецца развярнуць сцяг, той адказаў, што выдаліць яго з мерапрыемства.
Тады гэты малады чалавек падняўся вышэй на трыбуны, перадаў сцяг дзяўчатам, апранутым у адзенне белага і чырвонага колераў, якія развярнулі яго ў сярэдзіне трэцяга перыяду і свабодна трымалі да канца гульні.