BE RU EN

Лукашэнка чакае асабістага запрашэння на саміт «Усходняга партнёрства»

  • 8.05.2013, 12:37

Беларускі кіраўнік спадзяецца, што яго асабіста запросяць на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні.

«Менск разлічвае, што запрашэнне на ўдзел у саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні будзе накіравана на імя Лукашэнкі, а беларускі бок сам вырашыць, хто будзе прадстаўляць краіну на сустрэчы», - заявіў амбасадар Беларусі ў Германіі Андрэй Гіро падчас дыскусіі ў Берліне 7 траўня, піша БелаПАН.

Дыскусія прайшла ў межах серыі мерапрыемстваў пад эгідай Менскага форуму. Амбасадар Беларусі выступіў з прамовай пасля выступленняў спікераў.

Ён нагадаў, што ў 2009 годзе кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг прывёз у Менск запрашэнне для Лукашэнкі на ўдзел у інаўгурацыйным саміце «Усходняга партнёрства» ў Празе. У той жа час, адзначыў Гіро, па дыпламатычных каналах паступалі просьбы накіраваць на саміт у Прагу іншага прадстаўніка Беларусі.

Менск прыняў гэтае «дзіўнае запрашэнне», паколькі звязваў з новай палітыкай ЕЗ вялікія надзеі, растлумачыў амбасадар. Аднак, дадаў Гіро, гісторыя «Усходняга партнёрства» - гэта «чарада расчараванняў».

Дыпламат выказаў надзею на тое, што на саміце ў Вільні ў лістападзе гэтага года Беларусь не будзе дыскрымінаваць. «Мы таксама спадзяемся, што заключныя дакументы будуць утрымліваць не набор палітычных дэкларацый, а пералік канкрэтных праектаў, якія павінны быць рэалізаваныя ў агляднай будучыні», - заявіў Гіро.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Менск і Брусэль вядуць кансультацыі аб фармаце ўдзелу Беларусі ў маючым адбыцца саміце. У прыватнасці, абмяркоўваецца магчымасць запрашэння на сустрэчу міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, які знаходзіцца ў спісе неўязных у ЕЗ. Гэтае пытанне ўвязваецца з вызваленнем і рэабілітацыяй беларускіх палітвязняў.

Так, напрыклад, пытанне ўдзелу Беларусі ў саміце абмяркоўвалася ў канцы сакавіка на беларуска-літоўскіх кансультацыях паміж МЗС у Менску.

«Бакі абмеркавалі ...> магчымасці больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства» напярэдадні старшынства Літвы ў Радзе ЕЗ і саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні, - паведаміла па выніках кансультацый прэс-служба літоўскага МЗС. - Удзельнікі выказалі надзею, што ў найбліжэйшай будучыні атрымаецца нармалізаваць адносіны Беларусі і ЕЗ з дапамогай вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў».

Таксама выказваліся меркаванні, што беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч можа быць запрошаны на лістападаўскі саміт «Усходняга партнёрства» ЕЗ у Вільні.

Апошнія навіны