На саміт у Вільні наогул нельга запрашаць беларускія ўлады
- 1.06.2013, 13:05
Прэзідэнт Еўрапарламэнта зрабіў яшчэ адную прынцыповую заяву аб Беларусі.
Старшыня Еўрапейскага парламэнта Марцін Шульц заявіў, што прадстаўнікоў афіцыйнага Менску нельга запрашаць на саміт «Усходняга партнёрства», бо Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай Еўранэста.
Пра сустрэчу з ім, якая прайшла ўчора ў Вільні, распавёў намеснік старшыні камісіі еўрапейскіх спраў Сэйма Літвы Эмануэліс Зінгерыс у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
«Са слоў Шульца, еўрапейцы не могуць пайсці на кампрамісы ў тым, што тычыцца еўрапейскіх вартасцяў. Ён сказаў, што ў беларускага правадыра рукі заплямленыя крывёю. На спадара Шульца зрабіў жудаснае ўражанне выпадак з гэтымі няшчаснымі маладзёнамі, якія былі абвінавачаныя і расстраляныя за выбух у мэтро. Бо не было скончанае юрыдычнае расследаванне таго, наколькі яны вінаватыя. Спадар Шульц сказаў і аб ўсёй гісторыі рэжыму Лукашэнкі, сказаў, што рукі ў гэтага дыктатара заплямленыя крывёю. Ён самым вострым чынам асудзіў гэты рэжым і сказаў, што не будзе ніякіх кампрамісаў з ім наконт маралі і вартасцяў. І што Еўропа не пойдзе на кампрамісы са сваім сумленнем у дачыненні да беларускіх улад.
Таксама ён сказаў, што трэба выяўна адрозніваць тое, што адбываецца ва Украіне і ў Беларусі. Якое можа быць запрашэнне кіраўніцтву Беларусі на саміт у Вільні, калі гэтая краіна не з'яўляецца сябрам Парламэнцкай асамблеі «Усходняга партнёрства»? Нават на гэтым узроўні яна не можа быць прадстаўленая, бо там не было выбараў. Ніякага прадстаўніцтва гэтага рэжыму на лістападаўскім саміце ён не бачыць. Гэта было выяўна заяўлена старшынём Еўрапарламэнта», - распавёў Эмануэліс Зінгерыс.
Літоўскі парламэнтар адзначыў, што кіраўніка Еўрапейскага парламэнта падтрымліваюць і кіраўнікі найбуйнейшых фракцый. Агульнае меркаванне аб стаўленні да сітуацыі ў Беларусі было сфармаванае яшчэ да прыезду Марціна Шульца ў Вільню.
«Гэта было меркаванне, адшліфаванае у агульнай кузні Еўрапарламэнта яшчэ да прыезду ў Вільню. Такая рэчаіснасць. Мы бачым, што ў Вільні кіраўнік Еўрапарламэнта, сацыял-дэмакрат, абсалютна дакладна і недвухсэнсоўна выказаўся наконт спадара Лукашэнкі. А кіраўнік самай вялікай фракцыі ў Еўрапарламэнце, хрысціянскі дэмакрат Джозэф Дол выказаўся гэтак жа сама», - сказаў Эмануэліс Зінгерыс.
Дэлегацыя Еўрапарламэнта на чале з яго старшынём Марцінам Шульцам знаходзілася з візітам у Вільні напярэдадні пачатку старшынства Літвы ў ЕЗ. Саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе ў літоўскай сталіцы ў канцы лістапада.