BE RU EN

Літоўскі тэлеканал распавёў пра лабістаў беларускага рэжыму

  • 10.06.2013, 14:19

Дзеля прыбытку некаторыя літоўскія прадпрымальнікі заплюшчваюць вочы на злачынствы Лукашэнкі.

Пра гэта ішла гаворка ў праграме «Каментары тыдня» на канале TV3, піша партал 15min.lt.

Бізнесмены, якія лічаць неабходным інвеставаць у Беларусь, кажуць, што такім чынам Літва нібыта дапаможа нашай краіне перайсці ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратычных каштоўнасцяў. Але гэта не так. Прадпрымальнікі з Літвы будуюць у Беларусі фабрыкі, ствараюць працоўныя месцы, аднак дэмакратычныя каштоўнасці застаюцца ў баку. Рэжым Лукашэнкі не мяняецца. Пры гэтым, імкнучыся гарантаваць стабільныя даходы і спакой, прадпрымальнікі хваляць дыктатара і аказваюць уплыў на палітыкаў, каб тыя заплюшчвалі вочы на злачынствы рэжыму і пераслед апазіцыі.

Тэлеканал нагадвае пра сустрэчу з беларускім дыктатарам, якую арганізавала Даля Грыбаўскайтэ, стаўшы прэзідэнтам Літвы. Гаворка на ёй ішла пра канструктыўнае супрацоўніцтва. Літоўскія ўлады тады заклікалі прадпрымальнікаў інвеставаць у Беларусь.

Фабрыкі ў нашай краіне пабудавалі Сігітас Паўлаўскас і яго група Vakarų medienа, якая спецыялізуецца на дрэваапрацоўцы, Vičiūnai Вісвалдаса Маційашайціса, якая выпускае прадукты харчавання. Таксама ў Беларусі адкрылі свае прадстаўніцтвы кампанія Arvi, якая вырошчвае індыкоў, і лідар мэблевага рынку Літвы SBA baldai. Дзейнасць у нашай краіне развівае і група Vilniaus prekyba, якая спецыялізуецца на рознічным гандлі.

У Беларусі інвестуюць і шаўляйскія прадпрымальнікі Шаджусы.

«Каб паспяхова працаваць у Беларусі, трэба добрасумленна плаціць падаткі і не крытыкаваць ўладу, не падтрымліваць апазіцыю, не выказваць гучна сваё меркаванне з нагоды персоны прэзідэнта», - кажа бізнесмен і сябра Сейма Андрус Шаджус.

Былы сябра Сейма сацыял-дэмакрат Станіславас Гедрайціс хваліць «беларускі парадак» і сцвярджае, што рэжым Лукашэнкі мяняецца.

«Парадак павінен быць. Цяперашняя сітуацыя больш спрыяльная і для апазіцыі. Па некаторых пытаннях Лукашэнка змяняе меркаванне», - сказаў ён.

Сацыял-дэмакрат, еўрапарламентар Юстас Палецкіс прадставіў Еўрапарламенту справаздачу аб тым, што стан правоў чалавека ў Менску палепшыўся, таму трэба адмяніць хоць бы частку санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

«Прадпрымальнікі, якія працуюць з такімі краінамі, як Беларусь, заўсёды больш асцярожна глядзяць на любыя крытычныя палітычныя заявы з пункту гледжання іх кіраўніцтва, паколькі асцерагаюцца, што такія заявы могуць абярнуцца супраць іх», - кажа палітолаг Рамунас Вилпішаўскас.

Апошнія навіны