Bloomberg: Заняпад «Газпрама» пагражае звяржэннем Пуціну
- 10.06.2013, 17:09
«Газпрам» губляе пануючае становішча ў палітычным жыцці Расеі.
А гэта, у сваю чаргу, нясе прамую пагрозу расейскім уладам, піша эканаміст Андэрс Аслунд, у сваім артыкуле апублікаваным агенцтвам Bloomberg (пераклад - Inopressa.ru). На думку аўтара, за апошнія 10 гадоў мэнэджмент «Газпрама» «здзейсніў усе мажлівыя памылкі».
Аднак Уладзімір Пуцін адмаўляе сам факт крызісу ў кампаніі і няўхільна падтрымлівае Аляксея Мілера, старшыню праўлення кампаніі.
«Становішча «Газпрама» - пытанне сур'ёзнае не толькі таму, што па капіталізацыі гэта найбуйнейшая ў Расеі кампанія, але таму, што Пуцін - яе сапраўдны старшыня. Куды ідзе «Газпрам», туды ідуць і Расея, і пуцінскі ўрад», - сцвярджае аўтар.
Капіталізацыя «Газпрама» звалілася з 369 млрд даляраў (у траўні 2008 года) да 83 млрд і працягвае зніжацца. Каэфіцыент кошт акцый/прыбытак знізіўся да «фатальна нізкай адзнакі», на думку аўтара: 2,4.
«Кампанія не выклікае даверу ў акцыянераў», - піша Аслунд.
У чым прычыны дрэннага кіравання ў «Газпраме»?
«Крайняя інертнасць; нежаданне ўбіраць новую інфармацыю; карупцыя і недарэчная пыхлівасць, - піша аўтар. Калі «Газпрам» лічыць, што спажыўцы паводзяць сябе недарэчна, ён спыняе пастаўкі. У выніку спажыўцы імкнуцца знізіць залежнасць ад кампаніі.
За апошняе дзесяцігоддзе «Газпрам» выпусціў тры буйныя рэвалюцыі ў газавай індустрыі, лічыць аўтар: «экспансію сланцавага газу ў ЗША, глабальны бум СПГ і рост попыту ў Кітаі».
«Менеджмент «Газпрама» таксама не зразумеў важнасці ЕЗ, - піша аўтар, нагадваючы пра расследаванне Еўракамісіі, якое мела вынікам буйны штраф. Хутчэй за ўсё, прывязку коштаў на газ да коштаў на нафту - прынцып коштаўтварэння ў «Газпраме» - прызнаюць шкоднай для канкурэнцыі, лічыць ён.
ЕЗ таксама забараняе адной кампаніі сумяшчаць размеркаванне газу і ўласнасць на газаправоды.
«Крэмль называе гэтую звычайную антытрэстаўскую палітыку «канфіскацыяй», але ў Еўропе«Газпрам» абавязаны выконваць законы ЕЗ і, верагодна, будзе вымушаны прадаць свае актывы», - піша аўтар.
Доля кампаніі на еўрапейскім рынку газу знізілася да 34% (на 2011 год) і на расейскім - да 65% (2012 год). «Больш за ўсё продажы «Газпрама» зніжаюцца ў іншых былых рэспубліках СССР, так як у гэтых краінах ён дзейнічае асабліва грубымі і палітызаванымі метадамі», - мяркуе аўтар. Здабыча газу «Газпрамам» няўхільна зніжаецца.
Туркменістан пасля выбуху газаправода ў 2009 годзе палічыў за лепшае пракласці іншы газаправод - у Кітай. Так «Газпрам» страціў і доступ да таннага цэнтральнаазіяцкага газу, і доступ у Кітай.
«Усё гэта сведчыць пра некампетэнтнасць, але акцыянераў па-сапраўднаму раздражняе іншае - каласальнае марнатраўства і карупцыя ў кампаніі. Гэта набывае розныя формы, напрыклад, аддзяленні актываў. Самая абуральная форма - празмернае расходаванне капіталу, - гаворыцца ў артыкуле.
Аналітыкі Ашчаднага банка падлічылі, што на здабычу газу «Газпраму» трэба 11 млрд даляраў у год, але ў 2011 годзе капітальныя выдаткі падскочылі да 53 млрд, а ў 2012-м склалі 43,2 млрд. Маскоўскія аналітыкі неафіцыйна мяркуюць, што дзве траціны залішніх выдаткаў тлумачацца карупцыяй, а астатняя частка - «марнатраўнымі празмернымі інвестыцыямі».
Але Пуцін замест скарачэння капітальных выдаткаў прапануе ўсе больш дарагія праекты.
У бліжэйшыя гады ўклад «Газпрама» і нафтавага сектара ў дзяржбюджэт Расеі, відаць, рэзка знізіцца, што, магчыма, вымусіць Крэмль перагледзець эканамічны курс, лічыць аўтар.
Аслунд бачыць у сітуацыі і плюсы: «Зрабіўшыся занадта карумпаваным, каб працаваць, «Газпрам» сам сябе загубіў. Яму больш не ўдасца панаваць у палітычным жыцці Расеі, і краіна збольшага перастане быць нафтавай дзяржавай».