Масавыя чысткі на арэне
- 11.06.2013, 13:12
З Белдзяржцырка звольненыя намеснік дырэктара, галоўны бухгалтар і некалькі супрацоўнікаў.
Пра гэта паведаміў «Народной воле» супрацоўнік ўстановы на ўмовах прыватнасці.
Ён таксама распавёў пра тое, як у цырку ўспрынялі навіну пра тое, што ў дачыненні да яго былога дырэктара Таццяны Бандарчук распачалі крымінальную справу.
«Пра гэта стала вядома ў мінулую пятніцу. Тады ж усё даведаліся, што Таццяна Мікалаеўна звольненая са сваёй пасады. Але яе на працы не было, яна знаходзілася на бальнічным. Наколькі мне вядома, акрамя Бандарчук звольненыя яшчэ намеснік дырэктара, галоўны бухгалтар, бухгалтар і юрыст-кансультант», - сказаў суразмоўца.
Ён падкрэсліў, што супрацоўнікі цырка былі шакаваныя, калі даведаліся пра арышт Бандарчук і распавёў, што праверка ўстановы праводзілася на працягу двух месяцаў.
Нагадаем, у пятніцу стала вядома, што Генеральнай пракуратурай па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) МУС і Камітэта дзяржаўнага кантролю распачатая крымінальная справа ў дачыненні да былога дырэктара Белдзяржцырка. І хоць прозьвішча падазраванай не называлася, было зразумела, што гаворка ідзе пра Таццяну Бандарчук. Ёй інкрымінавалі здзяйсненне злачынстваў па ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча, альбо пры выкананні функцыяў па раздзяржаўленні ці прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, якія пацягнулі цяжкія наступствы). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Сама Таццяна Бандарчук заявіла, што кіраўнік ва ўсім разбярэцца і ўратуе яе ад дзяржкантролю, вынікі праверкі якога сталі падставай ўзбуджэння справы.