Марэк Мігальскі ўнёс папраўкі ў даклад Палецкіса
- 11.06.2013, 20:10
Дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі ўнёс сёння дваццаць паправак у даклад Юстаса Палецкіса аб сітуацыі ў Беларусі.
Выснова дакладчыка, са слоў Марэка Мігальскага, не адбілася на лініі Еўрапейскага Звязу, паведамляе афіцыйны сайт еўрадэпутата.
«Пазіцыя Еўрапарламента што да Беларусі павінна быць рашучай і паслядоўнай. Мы павінны падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, нагадваць аб палітычных зняволеных і сачыць, каб праваабаронцы былі ў бяспецы. Разам з тым трэба паказаць Лукашэнку, што ЕЗ не згодны з ягонай палітыкай», - падкрэсліў Марэк Мігальскі
Найбольш важныя папраўкі, унесеныя еўрадэпутатам, тычацца праблемы масавых арыштаў, палітычна матываваных крымінальных спраў супраць прадстаўнікоў апазіцыі і хвалі рэпрэсій супраць праваабаронцаў і незалежных СМІ.
Марэк Мігальскі нагадаў пра палітычных зняволеных, у прыватнасці пра справу Алеся Бяляцкага. Іншыя папраўкі тычацца свабоды сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць у Беларусі і якія транслююць на Беларусь, і падтрымкі арганізацый, якія працуюць у галіне дэмакратыі і правоў чалавека, у тым ліку тых, якія вымушаныя знаходзіцца за мяжой.
Нагадаем, дакумент дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента аб Беларусі быў падрыхтаваны для Еўракамісіі, Рады ЕЗ і Службы замежных дзеянняў Еўракамісіі паводле выніку візіту Юстаса Палецкіса ў Менск 18-21 сакавіка і выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы раскрытыкавалі словы пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс, у сваю чаргу, сцвярджае, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Пазней еўрадэпутат прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе змененая.
Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі паставіў пад сумнеў мандат Палецкіса. Ён сказаў, што аўтар скандальнай справаздачы аб сітуацыі ў Беларусі ездзіў у Менск з уласнай ініцыятывы або на запрашэнне мясцовых уладаў.
Юстас Палецкіс фігуруе ў плане лорда Бэла для выратавання рэпутацыі дыктатуры Лукашэнкі. Справаздача змяшчае пункт «Наўпроставае лабіяванне», дзе гаворыцца аб працы з канкрэтнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі ЕЗ.