BE RU EN

Улады паабяцалі МВФ плыўную дэвальвацыю?

  • 12.06.2013, 23:51

Беларускія ўлады разумеюць неабходнасць дэвальвацыі, але асцерагаюцца панікі насельніцтва.

Такую выснову можна зрабіць на падставе дакладу, падрыхтаванага групай супрацоўнікаў МВФ па выніках абмеркаванняў з афіцыйнымі асобамі Рэспублікі Беларусь змяненняў у эканоміцы і эканамічнай палітыкі, якія завяршыліся 25 сакавіка 2013 года.

Эксперты МВФ адзначаюць, што няўзгодненыя паміж сабой мэты эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, пагаршэнне рахунку бягучых аперацый, нізкі буфер узроўню рэзерваў і пік абавязацельстваў па абслугоўванню знешняй пазыкі ствараюць сур'ёзныя задачы ў 2013 годзе.

Тэкст дакладу апублікаваны 12 чэрвеня на сайце МВФ.

Афіцыйныя органы Беларусі «пацвердзілі сваю прыхільнасць гнуткаму абменнаму курсу». «Яны пагадзіліся, што абменны курс быў больш стабільным у параўнанні з тым, што паказвала розніца ў тэмпах інфляцыі з гандлёвымі партнёрамі, і прызналі наяўнасць зніжэння канкурэнтаздольнасці», адзначаецца ў дакладзе.

Пры гэтым беларускія ўлады патлумачылі гэтую з'яву «ростам прапановы валюты, звязаным з вялікім аб'ёмам запазычання ў замежнай валюце на задавальненне патрэбаў у выдатках у рублях».

Афіцыйныя органы таксама падкрэслілі «неабходнасць у паступовых карэкціроўках абменнага курсу з прычыны павышанай адчувальнасці насельніцтва да рэзкіх ваганняў курсу рубля і спалучанай з гэтым рызыкі уцёкаў капіталу».

Нагадаем, на 1 траўня насельніцтва захоўвала на пераводных дэпазітах у беларускіх рублях каля 9,8 трлн. рублёў, а на тэрміновых рублёвых дэпазітах - каля 22,2 млн. беларускіх рублёў.

Фота з архіву

Апошнія навіны