Лукашэнка: Менгарвыканкам складаецца цалкам з карупцыянераў
- 14.06.2013, 13:43
Беларускі кіраўнік пагражае Менгарвыканкаму ўстрэсваннем.
Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
Лукашэнка паказвае на наяўнасць вялікай колькасці праблем у будаўнічым комплексе Менска.
«Я спецыяльна падкрэсліваю праблемы будаўнічай галіны ў Менску. Адсюль ўсё пачынаецца. І Менск трэба страсянуць так, каб больш нікому непанадна было працаваць дрэнна!» - заявіў Лукашэнка на нарадзе з рабочай групай па праблемных пытаннях будаўнічай галіны.
«Менскі гарвыканкам цалкам з карупцыянераў сёння сфармаваны, якія наверсе сядзяць, і хай на мяне не крыўдзяцца, факты гэтага ў наяўнасці - першы намеснік ў месцах не вельмі аддаленых. І гэта пры такіх хабарах - $250 тыс.! Грошы немалыя. Гэта таксама шмат пра што кажа», - адзначыў ён.
«Сітуацыя ў будаўніцтве не проста насцярожвае, а складаецца крытычнай. І не толькі таму, што ў будаўнікоў недастатковыя аб'ёмы, пытанне ў тым, што які кірунак ні вазьмі - у будаўніцтве поўны абвал, пачынаючы ад нездаволенасці грамадзян тэрмінамі, якасцю і коштам будаўніцтва і заканчваючы той карупцыяй, у якой загразла ўся галіна», - заявіў ён.
Лукашэнка запатрабаваў, каб усе прапановы, рэкамендацыі і распараджэнні спецыялістаў рабочай групы неадкладна выконваліся «не толькі на ўзроўні муляроў і кіраўнікоў прадпрыемстваў будаўнічай галіны, але і на ўзроўні прабелаў, якія ёсць у заканадаўстве».
«Вам неабходна запатрабаваць ад выканаўцаў ліквідацыі ўсіх выяўленых недахопаў у ходзе работы групы. Каб не атрымалася так, што на нарадзе ў мяне ў верасні мы вывалім кучу недахопаў і прабелаў у будаўнічай галіне, з якімі мірыцца нельга, і потым будзем гераічна разграбаць гэтыя праблемы. Прынцып адзін: выявілі - выправілі», - падкрэсліў Лукашэнка.
Дыктатар адзначыў, што асноўныя недахопы, якіх сёння мае шмат будаўнічая галіна, ляжаць на паверхні, пра іх шмат гавораць у грамадстве, аднак задача ўдзельнікаў рабочай групы як спецыялістаў - вывучыць глыбінныя праблемы гэтай галіны.
«Я проста настойліва рэкамендую вам і патрабую ад вас: максімум выяўленых недахопаў варта выправіць падчас працы групы», - сказаў ён.
Нагадаем, 4 чэрвеня на нарадзе беларускі кіраўнік раскрытыкаваў, паводле яго слоў, «будаўнікоў, якія зажраліся» за высокі ўзровень карупцыі. У цэлым, паводле яго слоў, у будаўнічай галіне «нявырашаных пытанняў, парушэнняў заканадаўства больш, чым дастаткова».
Адзначым, што ў той час, як у большасці дэмакратычных краін мэры гарадоў абіраюцца насельніцтвам, у Беларусі кіраўнікоў гарвыканкамаў прызначае асабіста ўладца. Звычайныя беларусы не могуць уплываць на дзейнасць мясцовых уладаў. Указ аб прызначэнні Мікалая Ладуцькі кіраўніком Менгарвыканкама Лукашэнка падпісаў 25 чэрвеня 2010 года.