Ахвярныя баранчыкі «антыкарупцыйнага» шоў
- 14.06.2013, 18:10
Час ад часу каго-небудзь з чыноўнікаў неабходна прынесці ў ахвяру дзеля імітацыі барацьбы з карупцыяй.
Такім чынам дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання пракаментаваў сайту charter97.org заяву беларускага дыктатара пра тое, што Менгарвыканкам складаецца цалкам з карупцыянераў.
«Як ні дзіўна,правадыр мае рацыю, калі так кажа. Таму што ён асабіста займаецца падборам кадраў. Калісьці я назваў гэта ў сваім дакладзе кадравай карупцыяй. Гэта значыць, што на пасады прызначаюцца людзі, якія як раз завязаныя ў карупцыйных схемах. Гэта робіцца свядома. Прызначаюць несумленных людзей, а адмыслова бяруць тых, супраць каго ёсць кампрамат. Такім чынам, атрымаўшы з панскага пляча лісіны кажух, гэтыя людзі гатовыя цалаваць правадыру пяты, бо разумеюць, што ён павінен быў пасадзіць у турму, але даў пасаду. Можна падаць як прыклад Галіну Жураўкову ды шмат каго яшчэ», - упэўнены палітык.
Ён дадаў, другая прычына карумпаванасці «вертыкальшчыкаў» у тым, што яны ніколі не працуюць за ідэю.
«Людзі прыходзяць у такія структуры, разумеючы, хто такі Лукашэнка, і што гэта за ўлада. Потым яны проста выкарыстоўваюць яе для атрымання дывідэндаў. Па-трэцяе, беларускі правадыр пабудаваў сістэму, якая з'яўляецца закрытай для журналістаў, незалежных даследчыкаў і гэтак далей. І, вядома, такая сістэма рана ці позна наскрозь прагніе ад карупцыі. Гэта дзікая бізантыйская або сярэднявечная сістэма, калі феадал дае баярам магчымасць красці, а яны павінны быць да яго лаяльныя. Гэтая сістэма старая як свет і бліскуча выкарыстоўваецца ў Беларусі», - падкрэсліў Сяргей Антончык.
Ён адзначыў, што час ад часу адбываецца «барацьба з карупцыяй».
«Такія правілы гульні. Значыць, гэтыя людзі не праявілі лаяльнасці. Можа быць, сказалі ў лазні нешта супраць Лукашэнкі ці не адлічылі ў агульны крымінальны партманэт грошы, гэта значыць кралі. Паколькі правадыр звяртаецца да іх наўпрост, то ён павінен дзеля шоу час ад часу зарэзаць нейкіх авечак. Трэба абавязкова аддаваць у ахвяру аднаго другога баранчыка. Калі для нейкага чыноўніка карты ляглі не так, то ён трапляе за краты. У адваротным выпадку, гэтая сістэма не працавала б і вельмі хутка развалілася», - мяркуе палітык.
Нагадаем, сёння беларускі дыктатар заявіў, што Менгарвыканкам цалкам складаецца з карупцыянераў.