Гільерма Фарыньяс: У беларускай апазіцыі ёсць войска
- 17.06.2013, 0:18
Напярэдадні атрымання прэміі Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава легендарны кубінскі дысідэнт даў інтэрв'ю сайту charter97.org.
З Гільермам Фарыньясам, які правёў больш за 11 гадоў у турме, а таксама трымаў 23 галадоўкі, патрабуючы вызвалення палітвязняў, гутарыць галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна.
- Гільерма, вы ўжо некалькі дзён у Польшчы. Якая мэта вашай паездкі?
- Адна з прычын у тым, што надоечы была адноўленая апазіцыйная арганізацыя «Кубінскі патрыятычны звяз», і цяпер колькасць яе чальцоў расце. Польшча вядомая прафзвязным рухам «Салідарнасць», колькасць якога дасягала мільёна чалавек. Мы прыехалі сюды для таго, каб вывучыць іх досвед і прааналізаваць метады, якія яны выкарыстоўвалі. Атрыманыя веды мы хочам прымяніць у нашых умовах.
- Што вы можаце сказаць пра сітуацыю на Кубе сёння? Што змянілася апошнім часам?
- Адрозненне ў тым, што рэпрэсіі ў краіне цяпер праходзяць больш патаемна. Рэжым Рауля Кастра ўсё часцей выкарыстоўвае для сваёй палітыкі вайсковыя фармаванні. Фідэль Кастра падчас свайго знаходжання ва ўладзе імкнуўся папярэдзіць усялякую незадаволенасць, і нязгодныя з ягонай палітыкай зазнавалі адкрыты незаконны пераслед. Цяпер, пры Раулю Кастра, улады спрабуюць прыцягнуць да барацьбы з дысідэнтамі насельніцтва краіны. Яны ствараюць напаўвайсковыя арганізацыі, чальцы якіх нападаюць на апазіцыянераў падчас дэманстрацый і збіваюць іх. Паліцыя, якая, як мяркуецца, павінна абараняць людзей ад гэтага, забірае дысідэнтаў ва ўчасткі, арыштоўвае іх, абвінавачваючы ў беспарадках. Такі метад выкарыстоўваецца для стварэння атмасферы тэрору.
Апошнія рэпрэсіі, якія абрынуліся на апазіцыю, прывялі да з'яўлення вялікай колькасці вязняў сумлення. Актывісты апазіцыі ў турмах знаходзяцца разам з людзьмі, асуджанымі за крымінальныя злачынствы і, дарэчы, некаторыя ўжо сталі легендамі для крымінальнага свету. Тым не менш, такія дзеянні непакояць. Рэжым Рауля Кастра спрабуе фізічна і псіхалагічна зламаць сваіх апанентаў. Пасля такога збіцця патрабуецца доўгі час на тое, каб паправіць сваё здароўе. Шмат хто праз страх за жыццё сваіх родных і блізкіх былі вымушаныя пакінуць Кубу альбо адмовіцца ад палітычнай дзейнасці.
- Якой павінна быць палітыка Захаду ў дачыненні да Кубы?
- Сёння ў дэмакратычных краінах, у тым ліку ў Еўропе, ведаюць аб нашых праблемах і разумеюць іх. Палітыкі ўсведамляюць, што ў нашай краіне захоўваецца дыктатура і згодныя з тым, што так быць не павінна. Дыктатарскія рэжымы - брудная пляма для дэмакратыі. Таму мы павінны паўплываць на краіны Захаду для таго, каб яны разумелі, што самастойна змяніць сітуацыю на Кубе мы не здольныя. Цяпер ёсць праблемы ў палітыцы заходніх краін што да кубінскіх улад. Пазіцыя ЗША і Канады зразумелая. Што да Еўрапейскага Звязу, то некаторыя краіны хочуць адмовіцца ад агульнай стратэгіі і прапаноўваюць развіваць двухбаковыя стасункі з кубінскім урадам, забываючыся пры гэтым аб парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне.
Беларусь знаходзіцца ў Еўропе. У вас больш магчымасцяў для таго, каб паўплываць на еўрапейскую палітыку. Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца праблемай усяго кантынента. Куба са сваімі праблемамі знаходзіцца на іншым кантыненце. Таму Еўропе складана выпрацаваць агульную пазіцыю. Але яна павінна быць адзінай і ў дачыненні да Беларусі, і ў дачыненні да Кубы. Улады павінны паважаць правы чалавека. Менавіта гэта пасланне мы стараемся данесці да ўсіх еўрапейскіх палітыкаў, з якімі сустракаемся.
- Часам, калі мы гаворым заходнім палітыкам аб патрэбных кропкавых эканамічных санкцый супраць беларускага дыктатара, некаторыя адказваюць: у дачыненні да Кубы дзейнічаюць такія санкцыі, але выніку няма.
- Лепшым доказам таго, што санкцыі працуюць, з'яўляецца тое, што дыктатура вядзе кампанію ў СМІ для таго, каб дамагчыся іх зняцця. Яна кажа пра тое, што праз уведзеныя абмежаванні эканоміка задыхаецца. Вядзецца адпаведная праца на дыпламатычным узроўні.
Сітуацыя ў Лацінскай Амерыцы сёння характарызуецца тым, што шмат якія краіны кантынента «інфекцыяваныя» венесуэльскім рэжымам. Патрэбна правядзенне працэсу ачысткі. Але пры гэтым мы супраць таго, каб гэты працэс прывёў да гвалту.
Я па-добраму зайздрошчу апазіцыйнаму руху ў Беларусі. У вас ужо ёсць «войска» - гэта тыя 60 тысяч чалавек, якія выйшлі на Плошчу 19 снежня 2010 года. Калі б заходнія краіны ўвялі сур'ёзныя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў, то сітуацыя б змянілася. 60 тысяч сталі б 600 тысячамі. Няма такіх войскаў, якія змаглі б стрымаць такую сілу.
Нам бы вельмі хацелася забраць такіх людзей на Кубу. Мы сапраўды маем патрэбу ў такім «войску» у нашай краіне. З ім мы здолелі б заняць вуліцы гарадоў. Вядома, шмат хто трапіў бы пад рэпрэсіі альбо быў бы забіты, але было б каму прадаўжаць распачатую справу.
Ды і цяпер мы маглі б правесці дэманстрацыю ў падтрымку беларускай апазіцыі, а вы арганізаваць акцыю ў Беларусі ў падтрымку кубінцаў. Нам трэба паказаць, што дэмакратыя аднолькава важная, як для вашай краіны, так і для Кубы або М'янмы. Я мяркую, што ў Беларусі дэмакратыя пераможа хутчэй і нам трэба будзе прыязджаць да вас для таго, каб вучыцца. Спадзяюся, вашыя дзверы будуць адчыненыя.
- Што вы думаеце пра палітыку Касцёла на Кубе? Кіраўнікі Найсвяцейшага Пасаду наведвалі Кубу. Якія стасункі паміж каталіцкай царквой і дыктатарам цяпер?
- Каталіцкая царква - адзіная канфесія на Кубе. Святарам дазволена прапаведаваць, а людзям - адкрыта заяўляць аб сваёй прыналежнасці да яе. Але паміж прыхаджанамі і кардыналам Хайме Артэгай - кіраўніком царквы - склаліся спецыфічныя стасункі. Ён удаў некаторых актывістаў, якія былі каталікамі. Напрыклад, ён адслужыў імшу за здароўе Уга Чавэса альбо Фідэля Кастра, але не зрабіў таго ж самага для кубінскіх палітвязняў Арланда Сапаты, Хуана Сота Гарсія ды іншых, якія памерлі ў турмах пасля галадовак або збіцця паліцыяй.
75 палітычных зняволеных, арыштаваных «чорнай вясной» 2003 года, зазналі жорсткі ціск ў турмах. Яны, знаходзячыся ў зняволенні, абвясцілі галадоўку. Пры гэтым царкоўныя ўлады доўгі час адказвалі адмовай на звароты аб дапамозе. Гэтага факту дастаткова паводле законаў царквы для адстаўкі кардынала Хайме Артэгі. Былі і іншыя выпадкі. Многія святары публічна выступалі супраць рэжыму і асуджалі кубінскія ўлады. У якасці пакарання іх адпраўлялі служыць у глухія месцы.
Сёння мы не можам разлічваць на дапамогу каталіцкай царквы ў дэмакратызацыі Кубы. Толькі некаторыя актывісты апазіцыі мяркуюць, што з ёй можна супрацоўнічаць.
- Як вы сталі дысідэнтам? Магчыма,цяпер, пасля 11 гадоў, праведзеных у турме, вы шкадуеце пра што-небудзь?
- Я быў ідэйным камуністам. Я напраўду верыў у камунізм. У маладосці я ўступіў у Саюз маладых камуністаў Кубы. У 1980 годзе стала вядома аб масавых уцёках кубінцаў у ЗША. Я не мог паверыць, што такая колькасць людзей хоча пакінуць краіну. У той час я быў курсантам вайсковай вучэльні ў Гаване. У мае функцыі ўваходзіў кантроль за навучаннем курсантаў. Там была такая карупцыя, што немагчыма сабе ўявіць. У вучэльні я падпісаў кантракт, у якім абавязаўся служыць афіцэрам у кубінскім войску цягам 25 гадоў. Затым мяне адправілі ў Анголу. Там я ўбачыў жахлівыя рэчы: кубінскія вайскоўцы ладзілі сапраўдную бойню і забівалі цывільных сялян. Тады я ўспамінаў пра Беларусь, таму што на Кубе дэманстравалі шмат савецкіх фільмаў, у якіх паказвалі зверствы нацыстаў супраць беларусаў. Я адчуў сапраўдны жах ад таго, што я бачыў.
Пазней, у 1979 годзе, калі мяне адправілі на вучобу ў Савецкі Саюз, а менавіта ў Тамбоў, я быў здзіўлены тым узроўнем рэпрэсій, якія бачыў там. Горад быў падзелены на дзве часткі - звычайных жыхароў і вайскоўцаў. Мясцовыя жыхары жылі ў жахлівай галечы, у той час як вайскоўцы атрымлівалі велізарныя грошы. Палітычны аддзел кубінскага пасольства і вайсковая контрвыведка рабілі ўсё, каб пазбавіць нас кантактаў з насельніцтвам. Тым не менш, мы наведвалі тыя часткі горада, якія былі забароненыя для нас. Тады я добра чытаў па-руску і прачытаў «Жывёльны двор» і «1984» Джорджа Оруэла, ды шмат іншага «самвыдату».
Я часта думаў, калі менавіта я стаў перакананым антыкамуністам, і зразумеў, што гэта здарылася ў Тамбове. У той жа час я павінен быў прыкідвацца, што застаюся камуністам. Я служыў у войску, і, калі б мае погляды выявіліся, мяне б расстралялі. Потым сям'і распавялі б, што я загінуў у баі. Аднойчы здарыўся інцыдэнт з нэрвова-паралітычным газам, і ў мяне пачаліся прыступы эпілепсіі. Гэта несумяшчальна з вайсковай службай, таму мяне камісавалі.
У 1984 годзе я захапіўся псіхалогіяй, паступіў ва ўніверсітэт. Я быў перакананым прыхільнікам перабудовы і галоснасці. Я разумеў, што Расея мае патрэбу ў зменах хоць бы таму, што там вельмі высокі ўзровень алкагалізму, прастытуцыі, гвалту і карупцыі, нават у вайсковым асяроддзі.
Я бачыў, што адбывалася ў маім універсітэце. Для таго, каб атрымліваць добрыя адзнакі, трэба было проста падкупіць выкладчыка. Я гэтага не ўспрымаў, таму мяне двойчы хацелі адлічыць з універсітэту.
У 1989 годзе, калі праз абвінавачванне ў здрадзе быў прысуджаны да смяротнага пакарання генерал Арнальда Ачаа, я адкрыта заявіў аб нязгодзе з гэтым. Мяне выключылі з Саюза маладых камуністаў. З таго часу я стаў дысідэнтам. Паколькі атрымаць працу ў Санта-Клары, дзе я жыў, было немагчыма, давялося пераехаць у Гавану, якая ў той час была досыць касмапалітычным горадам.
Відавочна,што мне на раду было напісана выступаць супраць рэжыму. У лякарні, дзе я працаваў пасля ўніверсітэта, я моцна крытыкаваў начальства і мяне абралі кіраўніком прафзвязу. Стаў выкрываць карупцыю, але галоўным лекарам была жанчына - чалец ЦК кампартыі - і я апынуўся турме. Так пачалося маё жыццё дысідэнта.
- Гільерма, пасля распаду Савецкага Саюза амаль цалкам спынілася падтрымка дыктатарскага рэжыму Кастра. Якім чынам яму ўдалося ўтрымацца ва ўладзе?
- Толькі з дапамогай Еўропы. Тагачасны прэм'ер-міністр Гішпаніі Філіпэ Гансалес чамусьці паверыў, што дыктатар можа змяняцца і стаў лабіяваць у Еўропе захаванне Кастра ва ўладзе. Яму ўдалося пераканаць еўрапейскіх палітыкаў, што на Кубе пры рэжыме Кастра магчымыя рэформы, што яго можна ўцягнуць у дыялог з гішпанамоўнымі краінамі і праз гэты дыялог дамагчыся змен на Кубе. Кастра таксама стаў гуляць у гэтую гульню, але пры гэтым актыўна рыхтаваў прыход да ўлады свайго будучага спонсара Уга Чавэса, які на пасадзе прэзідэнта Венесуэлы фактычна ўтрымліваў кубінскі рэжым.
- Віншуем вас з прэміяй Еўрапейскага парламента імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Вельмі радыя, што, хоць і са спазненнем, вы можаце яе атрымаць.
- Дзякую. Гэта вельмі важнае прызнанне нашай барацьбы. Я ведаю, што гэтую прэмію атрымлівала і беларуская апазіцыя, і беларуская незалежная журналістыка.