Экспарт нафтапрадуктаў абваліўся на 16,7%
- 19.06.2013, 13:36
Беларускі экспарт нафтапрадуктаў у студзені-красавіку знізіўся на 16,7%.
Беларусь у студзені-красавіку 2013 года экспартавала 5 млн 353 тыс. тон нафтапрадуктаў, што на 16,7% менш у параўнанні са студзенем-красавіком 2012 года, паведамляецца ў справаздачы Белстата.
Сярэдні кошт экспарту нафтапрадуктаў паменшыўся на 9,4% да $790 за тону.
Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у краіны па-за СНД знізіўся на 24,1% да 3 млн 857 тыс. тон, пастаўкі ў краіны СНД выраслі на 11,4% да 1 млн 495 тыс. тон (у тым ліку ва Украіну 967 тыс. тон, у Расею - 470 тыс. тон).
Экспарт нафты ўласнай здабычы ў студзені-красавіку склаў 530,7 тыс. тон (зніжэнне на 2,5%) у сярэднім кошце $769 за тону (зніжэнне на 7,1%).
Імпарт нафты з Расеі ў студзені-красавіку 2013 года зменшыўся на 0,6% да 7 млн. 365 тыс. тон. Сярэдні кошт імпарту нафты знізіўся на 13,4% да $383 за тону.
Імпарт нафтапрадуктаў з РФ у студзені-красавіку 2013 года знізіўся да 1,1% ад аб'ёму імпарту ў студзені-красавіку 2012 года і склаў 48,8 тыс. тон.
Паводле звестак Белстата, у студзені-красавіку 2013 года Беларусь імпартавала 2333 млн. кВт. г. электраэнергіі (у тым ліку 1261 млн. кВт. г. з Расеі, 1024 млн. кВт. г. - з Украіны і 47 млн. кВт. г. - з Літвы), што на 6,3% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. Сярэднекантрактныя кошты імпарту знізіліся на 5,1% да $61 за 1 тыс. кВт. г. У грашовым выражэнні аб'ём імпарту электраэнергіі склаў $142,8 млн.
Нагадаем, учора канцэрн «Белнафтахім» заяўляе пра ўзгадненне з Мінэнерга Расеі паставак нафты на беларускія НПЗ у III квартале 2013 года ў аб'ёме 5,75 млн тон.
Яшчэ некалькі дзён таму паведамлялася, што Расея адмовілася падпісваць гадавы баланс па нафце. Як заявіла крыніца ў беларускім профільным ведамстве, Мінэнерга Расеі адмовілася весці перамовы на гэтую тэму.
Таксама адзначым, што ў 2012 годзе Беларусь экспартавала 3,25 млн. тон «растваральнікаў» на 2,8 млрд. даляраў (на 77% больш, чым у 2011 годзе). Расейскі бок палічыў, што Беларусь, павялічыўшы закупкі расейскай нафты, стала экспартаваць на еўрапейскія рынкі бензін пад выглядам растваральнікаў. Экспартная пошліна на іх у рамках Мытнага саюза была роўная нулю, тады як на бензін складае 90% ад экспартнай пошліны на нафту. Падобная схема прыводзіла да істотных страт расейскага бюджэту, якія папярэдне ацэньваліся ў $2 млрд за 2012 год. У сакавіку гэтага года Масква запатрабавала ў якасці кампенсацыі прадпрыемствы МАЗ і «Гродна Азот».
Расейскія афіцыйныя асобы неаднаразова выказвалі занепакоенасць той акалічнасцю, што Беларусь можа экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў з мэтай сыходу ад выплаты экспартных пошлін у бюджэт РФ. У сярэдзіне верасня 2012 года беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч абвясціў, што экспарт растваральнікаў з краіны цалкам спынены больш за месяц таму, каб выключыць недавер з боку расейскіх партнёраў. Мінэнерга Расеі паведаміла, што ён быў спынены толькі 6 кастрычніка.