BE RU EN

У Пінску бастуюць прадпрымальнікі

  • 21.06.2013, 11:45

Прадпрымальнікі патрабуюць афіцыйнага пацверджання пераносу тэрміну ўступлення ў сілу тэхрэгламенту Мытнага саюза.

Як паведаміў сайту charter97.org кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікі пратэстуюць супраць патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза.

Паводле яго слоў, каля тысячы прадпрымальнікаў рынкаў, размешчаных на вуліцы Зорнай і Ленінградскай, не выйшлі на працу.

Прадпрымальнікі заявілі пра правядзенне «аднадзённага папераджальнага спынення працы».

«Калі тэхнічны рэгламент уступіць у сілу, 1 ліпеня пінскія прадпрымальнікі будуць вымушаныя спыніць працу. Пакуль не будзе апублікаваны афіцыйны дакумент, які пацвярджае перанос тэрміну ўступлення ў сілу дадзенага тэхнічнага рэгламенту на адзін год, мы будзем працягваць актыўныя дзеянні», - сказаў Шумчанка.

Нагадаем, забастоўкі прадпрымальнікаў прайшлі ў Віцебску і Гродна.

Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» прадугледжвае дакументальнае пацвярджэнне якасці тавараў. У тым ліку тых, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі, хоць гэта адзіная мытная прастора.

Каб атрымаць неабходныя дакументы, трэба або пацвердзіць расейскую сертыфікацыю якасці, або аддаць частку тавару на спецыяльную экспертызу.

Першапачаткова гэты рэгламент павінен быў уступіць у сілу яшчэ з 1 студзеня 2013 года. Але пасля мінулай хвалі незадаволенасці была прадастаўленая адтэрміноўка.

Учора стала вядома, што прадпрымальнікам, магчыма, будзе прадстаўленая адтэрміноўка яшчэ на год - да 1 ліпеня 2014 года. 20 чэрвеня Шумчанка атрымаў гэтую інфармацыю ад дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі Аляксандра Груздава.

Апошнія навіны