Украіна стане газавым сховішчам Еўропы
- 25.06.2013, 17:51
Кіеў мае намер нарасціць магутнасці падземных сховішчаў газу, якімі кіруе Укртрансгаз, больш чым удвая.
Іх аб'ём вырасце з бягучых 32 млрд кубаметраў да 75 млрд, паведаміў міністр Эдуард Ставіцкі, піша «Корреспондент».
Па словах міністра, аб'ёмы захоўвання дзеючых ПСГ у Заходняй Украіне можна павялічыць да 55 млрд кубоў, а ў цэнтральнай і ўсходняй частцы краіны ёсць геалагічная магчымасць арганізаваць сховішчы магутнасцю не менш за 10-20 млрд кубоў газу. Міністр адзначыў, што гаворка ідзе пра Харкаўскую і Палтаўскую вобласці. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэтае пытанне пакуль што вывучаюць спецыялісты, піша NEWSru.com.ua.
У той жа час Эдуард Ставіцкі нагадаў, што Украіна гатовая прадаставіць палову ўжо існуючых сховішчаў пад захоўванне газу з Еўропы.
«Мы прапанавалі нашым калегам для аднаразовага захоўвання 15 млрд кубаметраў газу», - сказаў ён.
Астатнюю частку Украіна плануе пакінуць для належнай арганізацыі ацяпляльнага сезона.
Акрамя таго, прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў распавёў пра высокую ацэнку ўкраінскага патэнцыялу еўракамісарам Штэфанам Фюле.
«Сёння спадар Фюле адзначыў, што Украіна можа стаць энергетычным хабам Еўропы - мне такая пазіцыя вельмі спадабалася», - паведаміў чыноўнік.
Таксама на сумеснай прэс-канферэнцыі Штэфан Фюле падкрэсліў, што Украіна з'яўляецца важным партнёрам Еўразвяза ў сферы энергетыкі.
Раней Эдуард Ставіцкі заяўляў, што выкарыстаннем украінскіх падземных сховішчаў газу цікавіцца шэраг еўрапейскіх дзяржаў.
«Польшча, Венгрыя, Германія, Італія і іншыя краіны ЕЗ цікавяцца ўкраінскімі газавымі сховішчамі для таго, каб уплываць на коштавую палітыку ў сваіх краінах, таму што газ летам танней, чым зімой», - сказаў Ставіцкі.
Нагадаем, у сакавіку еўракамісар па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Этынгер заявіў, што патрэба ЕЗ ва ўкраінскіх сховішчах газу ўзрастае. Ён адзначыў, што лічыць украінскія сховішчы газу ключавым элементам у еўрапейскай газатранспартнай сістэме. ГТС Украіны аб'ядноўвае 72 кампрэссіонныя станцыі (122 кампрэсарных цэха) і 13 падземных сховішчаў з самым вялікім у Еўропе пасля Расеі актыўным аб'ёмам газу - больш за 32 млрд кубаметраў ці 21,3% ад агульнаеўрапейскай актыўнай ёмістасці.
У нашай краіне будаўніцтвам падземных газасховішчаў займаецца расейская кампанія «Газпрам». Яны будуць узведзеныя ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Пра тое, што «Газпрам» мае намер рэалізаваць сумесныя з урадам Беларусі праекты па мадэрнізацыі падземных сховішчаў газу стала вядома ў лістападзе мінулага года.
«Была нададзеная ўвага павышэнню надзейнасці забеспячэння спажыўцоў газам у асенне-зімовы перыяд, што магло б быць дасягнута за кошт павелічэння магутнасцяў падземнага захоўвання», - заявіў тады кіраўнік расейскай кампаніі Аляксей Мілер.