BE RU EN

Міжнародны дзень у абарону ахвяраў катаванняў

  • 26.06.2013, 9:26

26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў.

Ён быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1997 годзе па рэкамендацыі Эканамічнай і сацыяльнай рады.

Гэты дзень праводзіцца з мэтай выкаранення жорсткага абыходжання з людзьмі і забеспячэння эфектыўнага функцыянавання Канвенцыі супраць катаванняў і іншых бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, якая ўступіла ў сілу 26 чэрвеня 1987 года. Гэты дакумент быў ратыфікаваны і беларускімі ўладамі.

Згодна з пастановамі міжнародных арганізацый і праваабаронцаў, катаванне азначае любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная або маральная, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы звесткі або прызнанні, а таксама пакараць, запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу і інш

ААН патрабуе, каб дзяржавы-удзельніцы рабілі эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй. Ніякія выключныя абставіны, якімі б яны ні былі, будзь то стан вайны або пагроза вайны, унутраная палітычная нестабільнасць ці любое іншае надзвычайнае становішча, не могуць служыць апраўданнем катаванняў.

Праваабаронцы рэгулярна заяўляюць пра тое, што ўлады Беларусі падвяргаюць катаванням як звычайных, так і палітычных зняволеных. Асабліва гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Аб прымяненні катаванняў у СІЗА КДБ распавядалі кандыдаты ў прэзідэнты і актывісты іх штабоў, якія трапілі туды пасля разгону масавай акцыі пратэсту супраць іх фальсіфікацыі.

«Утрыманне былых кандыдатаў у СІЗА КДБ можна лічыць катаваннямі і бесчалавечнымі абыходжаннямі. Гэта і неабгрунтаванае прымяненне фізічнай сілы (прасцей кажучы, збіцці), і змяшчэнне затрыманых на «расцяжку» практычна голымі пры мінусовай тэмпературы, і іншае - пра гэта распавялі кандыдаты ў прэзідэнты», - заяўляў раней праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Сітуацыя пагаршаецца тым, што ў беларускім заканадаўстве не прапісаны сам тэрмін «катаванні» і, адпаведна, не прадугледжаная адказнасць за іх ужыванне.

Апошнія навіны