Расейскія дэсантнікі пройдуць парадам па Менску
- 26.06.2013, 18:28
Парадны разлік са 170 дэсантнікаў пскоўскай дывізіі ПДВ адправіўся ў Беларусь.
Расейскія дэсантнікі пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Ігара Бараўкова 3 ліпеня возьмуць удзел у ваенным парадзе, які пройдзе ў Менску. Сёння яны адбылі з Пскова ў беларускую сталіцу, паведамляе прэс-служба Мінабароны Расеі.
Дэсантнікі з суседняй краіны ўдзельнічаюць у парадах, якія праводзяцца 3 ліпеня, з 2011 года. Упершыню прадстаўнікі ПДВ Расеі бралі ўдзел у афіцыйных ўрачыстасцях, прымеркаваных да 65-годдзя перамогі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне, якія прайшлі ў Брэсце.
Нагадаем, да вайсковага параду 3 ліпеня актыўна рыхтуюцца і парадныя разлікі Мінабароны, МУС, МНС і ГПК. У ім таксама возьмуць удзел прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэта, Унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Плануецца, што ў парадзе возьмуць удзел блізу трох тысяч чалавек - выхаванцы Менскага сувораўскага ваеннага вучылішча, курсанты Ваеннай акадэміі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, вайскоўцы 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 38-й і 103-й асобных мабільных брыгад, 86 - й брыгады сувязі, 56-га, 60-га, 74-га асобных палкоў сувязі, зводнай роты ганаровай варты, а таксама зводны аркестр Узброеных сіл.
Кошт правядзення парада ўлады традыцыйна замоўчваюць.