Анатоль Шумчанка: Нам такі саюз не патрэбны
- 26.06.2013, 20:00
27 чэрвеня ў Беларусі пройдзе агульнарэспубліканскі страйк прадпрымальнікаў.
Пастанову аб правядзенні нацыянальнага страйку прыняў Форум прадпрымальнікаў, прысвечаны пытанням укаранення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы лёгкай прамысловасці».
«Праблемы сертыфікатаў не развязаныя, - заявіў лідар аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. - Пастанова, якая дае нам адтэрміноўку з сертыфікатамі да 1 ліпеня 2014 года праблему не развязвае. Па-першае, яна распаўсюджваецца толькі для ІП - платнікаў адзінага падатку, і толькі пры ўмове, калі будуць суправаджальныя дакументы, якія пацвярджаюць набыццё тавару ў краінах Мытнага саюза. Усім вядома, што ў Расеі легальных такіх дакументаў ніхто не дасць. Па-другое, у пастанове ні слова не сказана пра ПУПы, а гэта значыць, што яны павінны з 1 ліпеня 2013 года мець сертыфікаты на ўвесь тавар і ніякага працягу для іх няма.
Зноў прынялі дакументы без уліку нашага меркавання. Дакумент непісьменны і абсалютна нічога не вызначае. Рэч у тым, што паводле закону ІП - платнікі адзінага падатку наогул маюць законнае права працаваць без дакументаў на тавар, бо робяць выплаты з улікам падвышанага каэфіцыента. І чаму не ўключаныя ЧУПы, якія таксама працуюць, як і ІП, у раздробным гандлі?
Нам трэба ўсім разам дамагчыся ўнясення змяненняў у пастанову, каб выключыць для ІП суправаджальныя дакументы і ўключыць распаўсюджванне іх на ЧУПы. Таму і прынятая пастанова аб страйках 27 чэрвеня.
Калі нашы патрабаванні не будуць пачутыя, мы будзем разглядаць пытанне аб зборы подпісаў за выхад нашай краіны з Мытнага саюза. Нам такі саюз не патрэбны, дзе праз непрадуманыя пастановы пад пагрозу пастаўленыя інтарэсы беларускага бізнэсу. У Расеі вэрхал, большасць прадпрымальнікаў працуюць без дакументаў, а пакутуе наш бізнэс.
Мы патрабуем ад беларускіх улад афіцыйнага звароту ў Еўразійскую эканамічную камісію з паведамленнем аб прыпыненні распаўсюджвання пастановы камісіі «Аб прыняцці тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» на тэрыторыі Беларусі з прычыны невыканання яго краінамі Мытнага саюза.
Патрабуем ад урада правядзення тэрміновых перамоў аб праблеме прымянення норм тэхрэгламенту з удзелам прадпрымальніцкіх структур краіны.
Патрабуем ад Лукашэнкі захавання нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у Мытным саюзе і не прымання пастаноў, якія б пагаршалі становішча грамадзян нашай дзяржавы.
У выпадку няўвагі да нашых патрабаванняў, прадпрымальнікі Беларусі не здолеюць паводле закону займацца сваёй дзейнасцю з 1 ліпеня 2013 года, а значыць, не будзе магчымасці плаціць падаткі ды іншыя плацяжы ў бюджэт.
Мы не хочам напружанасці і эскалацыі канфлікту, але ў нас няма выбару: альбо мы дамагаемся выніку разам, альбо нас чакаюць канфіскацыі, спусташэнне і штрафы. Будзем разам!»