У Менску танкі грукацелі
- 27.06.2013, 20:08
У «гадзіну пік» цэнтр Менска быў паралізаваны вайсковай тэхнікай.
З 19-й гадзіны на вуліцах Машэрава, Гвардзейскай, Тарханава, Грыбаедава ды Ігнаценкі ды на адцінку праспекта Незалежнасці праходзіць рэпетыцыя параду 3 ліпеня.
Як паведамляюць менчукі ў сацыяльных сетках, гэта выклікала шматлікія нязручнасці: людзі не маглі вярнуцца з працы дадому.
«Парад, вядома, іхняя святая карова. Але перацяць праспект і процьму вуліц увечары, каб бразгаць танкамі ды іншымі гаўбіцамі не распрададзенымі... Разумна, разумна! Прапаную проста ўсіх высяляць з горада на час рэпетыцый і парадаў», - піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» журналістка «Комсомольcкой правды в Беларуси» Вольга Анціпенка.
Таксама жыхары сталіцы звяртаюць увагу на тое, што пасля правядзення параду асфальт у шмат якіх месцах цэнтральных вуліц горада давядзецца рамантаваць.
Нагадаем, праз рэпетыцыі парада ДАІ забараніла уладальнікам аўтамабіляў паркаваць іх да 3 ліпеня на некаторых вуліцах. Таксама аўтааматараў просяць «быць больш пільнымі».
Да вайсковага параду 3 ліпеня актыўна рыхтуюцца парадныя разлікі Мінабароны, МУС, МНС і ГПК. У ім таксама возьмуць удзел прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэта, Унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства надзвычайных сітуацый, а таксама расейскія дэсантнікі.
Плануецца, што ў парадзе возьмуць удзел блізу трох тысяч чалавек - выхаванцы Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні, курсанты Вайсковай акадэміі, вайскова-тэхнічнага факультэта БНТУ, службоўцы 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 38-й і 103-й асобных мабільных брыгад, 86 - й брыгады сувязі, 56-га, 60-га, 74-га асобных палкоў сувязі, зборнай роты ганаровай варты, а таксама зборны аркестр Узброеных сіл.
Кошт правядзення парада ўлады традыцыйна замоўчваюць.