BE RU EN

Раман Якаўлеўскі: Улады рыхтуюцца да продажу «абаронкі» Расеі

  • 5.06.2013, 16:06

Правадыр нервуецца праз непазбежную скупку расейскім ВПК беларускіх прадпрыемстваў.

Так палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракаментаваў сайту charter97.org патрабаванне правадыра аб пастаўках новых узбраенняў і словы пра «адзінае войска».

«Дагэтуль стасункі паміж Менскам і Масквой азмрочваліся спрэчкамі гаспадарчых суб'ектаў. Рознагалоссі былі, напрыклад, у газавай тэматыцы. Матывацыяй усіх гэтых канфліктаў была адсутнасць роўнасці суб'ектаў. Беларуская старана настойвала на раўнапраўных стасунках. Цяпер мы назіраем тое ж самае, але ўжо ў больш «прасунутай» сферы дзвюхстаронніх стасункаў - абароннай.

Вядома, патрабаванне Лукашэнкі выклікае процьму пытанняў. На мой погляд, яно можа быць выклікана тым, што беларуская «абаронка», якую каардынуе Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт, рыхтуецца да кардынальных пераўтварэнняў і скупкі сістэмаўтваральных вытворчасцей Расеяй. Паводле вызначэння, вайсковая прамысловасць дзвюх краін не можа быць роўнай. Нават калі казаць аб славутых беспілотніках, то пару штук беларуская «абаронка» яшчэ можа стварыць, але серыйная вытворчасць ёй не пад сілу. Для гэтага патрэбныя інвестыцыі, якіх не будзе. Бо Расея не стане ўкладваць сродкі ў канкурэнтаў. Яна паспрабуе скупіць іх. Гэта тычыцца і Менскага завода колавых цягачоў, і ААТ «Пеленг», і шэрагу іншых прадпрыемстваў.

Тое, што Лукашэнка стаў адкрыта патрабаваць, кажа аб яго надзвычайным хваляванні з нагоды непазбежнай скупкі расейскім ВПК беларускіх прадпрыемстваў», - сказаў палітычны аглядальнік.

Раман Якаўлеўскі звязвае з гэтым і магчымую рэарганізацыю Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта. Пастанова пра яго, паводле ягоных слоў, можа быць прынятая бліжэйшым часам.

«Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт у такім выпадку таксама стане непатрэбным. 7 чэрвеня пройдзе пасяджэнне калегіі ўстановы, на якім магчыма будзе абмяркоўвацца ў тым ліку і яго рэарганізацыя. Камітэт можа страціць статус міністэрства і стаць дэпартаментам Мінабароны або Мінпрама. Цяпер пад ягоным кіраўніцтвам знаходзяцца блізу 20 прадпрыемстваў. Яшчэ прыкладна 200 фірмаў курыруюцца камітэтам. Натуральна, у выпадку пераўтварэння яго паўнамоцтвы будуць зменшаныя», - сказаў Раман Якаўлеўскі.

Разам з тым, палітычны аглядальнік адзначае, што беларуская старана спрабуе знайсці новыя рынкі збыту ўзбраення.

«Былы першы намеснік кіраўніка камітэта Раман Галавачэнка надоечы вярнуўся ў дыпламатыю і стаў амбасадарам у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах - краіне, якую неаднаразова наведвалі прадстаўнікі беларускіх кампаній, якія вырабляюць зброю. Тое ж самае можна сказаць і пра беларускага пасла ў Венесуэле. У Менску часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка камітэта сустракаўся з прадстаўніком Індыі. Відавочна, што падчас сустрэчы гаворка ішла аб продажы беларускіх узбраенняў», - сказаў ён.

Нагадаем, сёння беларускі дыктатар зноў загаварыў аб «адзіным» войску Беларусі і Расеі і запатрабаваў ад Масквы паставак новых узбраенняў.

Апошнія навіны