У Лондане пачалося «паляванне» на Лукашэнку
- 8.06.2013, 10:05
У Вялікабрытаніі стартавала кампанія «Вярніце цела» і з'явіўся рух «Паляўнічыя на Лукашэнку».
Арганізатары кампаніі «Give a Body Back» («Вярніце цела») - Наталля Каляда, Мікалай Халезін, Ірына Багданава і ініцыятыва «Free Belarus Now».
Кампанія стартавала ў кастрычніку мінулага года, калі адбылася прэм'ера спектакля Беларускага Свабоднага тэатра «Trash Cuisine» («Пякельная кухня») у Амстэрдаме. Спектакль апавядае аб пачварнай практыцы ўжывання смяротнага пакарання ў Беларусі і свеце.
Кампанія «Вярніце цела» уключае ў сябе шэраг патрабаванняў:
1. Скасаванне смяротнага пакарання ў Беларусі.
2. Заканчэнне расследавання спраў аб зніклых і вяртанне іхніх целаў сваякам.
3. Вяртанне целаў пакараных смерцю іхным родным і блізкім.
4. Вызваленне палітвязняў.
Арганізатары кампаніі ў лістах да кіраўніцтва Эўразьвязу канстатавалі, што толькі ўвядзенне жорсткіх мэтавых санкцый супраць беларускага рэжыму і адкрыццё межаў праз аблягчэнне візавага рэжыму для грамадзянаў могуць зрабіць ціск на беларускія ўлады і прымусіць іх паважаць правы чалавека.
5 кастрычніка 2012 года ў людных месцах Амстэрдама некалькі дзясяткаў валанцёраў ляжалі ў мяхах для памерлых. Паралельна быў арганізаваны збор подпісаў пад петыцыяй.
Гэтым разам актывісты «Free Belarus Now» і Беларускага Свабоднага тэатра наважылі прадоўжыць кампанію ў Лондане, дзе 30 траўня пачаўся сэт паказаў спектакля «Trash Cuisine» на сцэне тэатра Young Vic.
Акцыя «Вярніце цела» у Лондане
Працяг кампаніі 6 чэрвеня невыпадковы - менавіта ў гэты дзень быў адкрыты «другі фронт» войскамі хаўруснікаў, што дазволіла пераможна скончыць Другую сусветную вайну.
6 чэрвеня а 8-й гадзіне раніцы, у самы розрух, на трох галоўных плошчах Лондана - Трафальгарскай, Вэстмінстэрскай і Пікадзілі маладзёны забраліся ў мяхі для памерлых і ўстылі ў іх на гадзіну.
Гэта былі валанцёры, якія адгукнуліся на заклік Беларускага свабоднага тэатра і «Free Belarus Now», падтрыманы вядомым брытанскім акторам Джудам Лоў, узяць удзел у кампаніі.
Сярод удзельнікаў акцыі былі гледачы Свабоднага тэатра, брытанскія студэнты, чальцы трупы, простыя лонданцы, што адгукнуліся на заклік. Цікава, што адно з брытанскіх выдавецтваў - «Oberon» - брала ўдзел у акцыі ў поўным складзе.
Фотаздымак з акцыі «Give a Body Back» трапіў у рубрыку «Фота дня» газэты «The Guardian».
Лісты лідэрам Еўропы
Напярэдадні арганізатары разаслалі ва ўсе еўрапейскія і міжнародныя структуры мяхі для памерлых з паліцэйскімі цэтлікамі, на якіх былі пазначаныя імёны тых, хто быў выкрадзены, забіты ці пакараны смерцю ў Беларусі: Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Алега Бябеніна, Дзмітрыя Канавалава, Улада Кавалёва.
У лісце змяшчалася патрабаванне да еўрапейскіх структур зрабіць жорсткае ўздзеянне на беларускія ўлады.
Такія ж мяхі былі разасланыя ў беларускія дзяржаўныя ўстановы, якія маюць дачыненне да забойстваў або хавання фактаў. Лісты для іх былі іншага зместу - пра тое, што гэтыя структуры мелі і маюць дачыненне да дзеянняў, якія пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць.
Сустрэча з міністрам Лідынгтанам
Напярэдадні акцыі ў Лондане адбылася сустрэча міністра ў справах Еўропы Дэвіда Лідынгтана з маці расстралянага ў Беларусі паводле абвінавачвання ў выбуху ў мэтро Ўладзіслава Кавалёва Любоўю Кавалёвай, жонкай палітвязня Змітра Дашкевіча Настай Дашкевіч і дырэктарам Беларускага Свабоднага тэатра Наталляй Калядой.
«Я сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі Любоўю Кавалёвай і Настай Дашкевіч. Яны ды іхныя сем'і пацярпелі ў выніку дзеянняў беларускіх улад, - заявіў пасля сустрэчы Дэвід Лідынгтан. - Сын Любові Кавалёвай Уладзіслаў быў пакараны смерцю ў 2012 годзе пасля правядзення судовага разбору, які падпаў пад шырокую крытыку як неадпаведны міжнародным стандартам. Нягледзячы на неаднаразовыя звароты да ўлад, ёй так і не паведамілі пра месца ягонага пахавання.
Муж Настассі Дашкевіч Зміцер з'яўляецца адным з беларускіх палітвязняў.
Я шаную мужнасць Любові Кавалёвай і Настассі Дашкевіч і запэўніў іх, што Вялікабрытанія будзе далей працаваць у спрыянні дэмакратыі, выкананні правоў чалавека і павазе вяршэнства закона ў Беларусі. Я падкрэсліў, што мы выступаем супраць ужывання смяротнага пакарання пры ўсякіх абставінах. Гэта прынцыповае пытанне. Мы заклікаем Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і пачаць працу яго скасавання. Таксама мы заклікаем вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў».
Лонданскі трыумф спектакля «Trash Cuisine»
Станоўчыя рэцэнзіі на спектакль Беларускага свабоднага тэатра «Trash Cuisine», галоўная тэма якога - ужыванне смяротнага пакарання ў Беларусі - былі апублікаваныя ва ўсіх вядучых выданнях Вялікабрытаніі.
Як паведаміў рэжысёр Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, 6 чэрвеня спектакль быў багаты на вядомых гледачоў.
- На спектакль прыйшоў Джон Суіні - вядомы журналіст, адзін з зорак BBC. Да гэтага прапрацаваў 12 гадоў у ангельскай газэце Observer, у якой асвятляў падзеі ваенных дзеянняў, рэвалюцый і паўстанняў у больш як 60 краінах свету, у тым ліку Алжыры, Босніі, Чэчэніі і Зімбабвэ. Аднойчы ён прыйшоў на акцыю ў абарону беларускіх палітвязняў у Лондане, у якой удзельнічалі Джуд Лоў і Кевін Спэйсі. Пасля акцыі мы з Джудам сыгралі ў будынку брытанскага парламэнта спектакль «Пакаленне Jeans». Пасля прагляду гэтага спектакля Джон наважыў заняцца беларускай тэмай, - распавядае Мікалай Халезін.
- Джон зняў фільм і напісаў кнігу, якую прысвяціў памяці Дзмітрыя Канавалава і Ўлада Кавалёва. У адной з сцэн фільма Джон, каб зразумець, што адчуваюць падчас катаванняў беларускія палітвязні, залез у рэфрыжэратар з мінусовай тэмпературай і ўстаў «на расцяжку». Ён пратрымаўся 46 сэкундаў.
Яшчэ адзін учорашні глядач - Туптэн Самдуп, прадстаўнік Далай Ламы. Наталля Каляда пазнаёмілася з ім і прэм'ер-міністрам Тыбета ў выгнанні Лабсангам Сангаем падчас апошняга Форуму Свабоды ў Осле.
З актрысай Рут Уілсан да ўчорашняга дня мы знаёмыя былі толькі завочна. У 2012 годзе на сцэне тэатра Donmar мы глядзелі спектакль «Анна Крысці», з ёй і Джудам Лоў у галоўных ролях. За выкананне гэтай ролі яна атрымала Олівера ў намінацыі «За найлепшую жаночую ролю». Рут захаплялася «Trash Cuisine», і, у ліку іншых камплімэнтаў, сказала, што ўпершыню глядзела спектакль, які закранае ўсе 5 органаў пачуццяў.
Увечары пасля спектакля прайшла грамадская дыскусія з удзелам Любові Кавалёвай, Настассі Дашкевіч, кіраўніка кампаніі «Free Belarus Now» Ірыны Багданавай і Наталлі Каляды. Вёў дыскусію адвакат Біл Браўдэр, аўтар «Акту Магніцкага».
Пасля грамадскай дыскусіі быў прэзэнтаваны плакат «Fuck Realpolitik» (аўтары - Наталля Каляда, Мікалай Халезін, Сайман Ананд і Ягор Шумскі), які стане адным з афіцыйных постэраў кампаніі, накіраванай супраць палітыкі падвойных стандартаў.
Акцыя ля Лонданскай біржы
Акцыя пратэсту супраць супрацоўніцтва брытанскіх гандлёвых кампаній з беларускім рэжымам прайшла 7 чэрвеня каля Лонданскай фондавай біржы. Яе ўдзельнікі патрабавалі спыніць супольны бізнэс з Лукашэнкам, які вядуць такія фірмы як ENRC, Metinvest і Ferrexpo. У прыватнасці, гэтыя кампаніі актыўна супрацоўнічаюць з беларускім прадпрыемствам «Белшына» і, на думку арганізатараў акцыі, фінансава падтрымліваюць дыктатару.
Акцыю зладзіла група актывістаў розных арганізацый, якія называюць сябе «Lukashenko Busters» («Паляўнічыя на Лукашэнку»).
«Некаторыя людзі думаюць, што ўсе краіны, якія парушаюць правы чалавека, трэба байкатаваць. Іншыя з імі не згодныя і мяркуюць, што гандаль заўсёды з'яўляецца рухальнай сілай перамен. Але хіба продаж сыравіны нацысцкай Нямеччыне дапамог развіццю дэмакратычных каштоўнасцяў у ёй?
Беларуская эканоміка сёння ў руінах. Дыктатар Лукашэнка трымаецца на валаску. Асноўны прыток грашовых сродкаў забяспечваюць кампаніі, якія знаходзяцца пад ягоным асабістым кантролем. Атрыманы прыбытак ідзе на падтрымку КДБ і сілавога апарата, якія пераследуюць апазіцыю, кідаюць у турмы і катуюць апанэнтаў дыктатара. Адна з найбуйнейшых такіх кампаній называецца «Белшына». Давайце пачнем з яе. Мільёны ўкладчыкаў брытанскіх кампаній ENRC, Metinvest і Ferrexpo, якія супрацоўнічаюць з ёй, павінны ведаць, што іхнія грошы ідуць на фінансаванне рэпрэсій у Беларусі», - паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізатараў акцыі.