Мінабароны: Колькі каштуе наш парад? Ён неацэнны!
- 1.07.2013, 10:33
Прэс-сакратар Мінабароны параўнаў пацешны парад для хлопчыка Колі з маскоўскім парадам войскаў у 1941-м.
Лібероідамі, вульгарнымі матэрыялістамі, пятай калонай, радыкаламі, калабарацыяністамі ва ўяўленні «Белорусской военной газеты» становяцца ўсе тыя, хто задаецца дарэчным пытаннем аб кошце залішняга параду ў небагатай краіне.
Характэрным выкрывальным артыкулам адзначыўся прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў.
Жывучы за кошт беларускіх падаткаплацельшчыкаў, прэс-афіцэр вылівае на галаву сваіх жа суграмадзян цэбары бруду. Здзіўляе нават не тое, што распальванне варожасці і абразы на старонках дзяржаўнага выдання цягнуць на некалькі артыкулаў КК. Аказваецца, высветліць, колькі ж каштуе парад і чаму яго падрыхтоўка павінна паралізаваць мегаполіс на некалькі тыдняў - значыць, зрабіць замах на святое. У запаленым уяўленні прэс-сакратара, шоў пацешных салдацікаў для хлопчыка Колі параўнальнае з легендарным парадам войскаў 7 лістапада 1941 года ў Маскве.
Прапануем вам артыкул «Кошт параду войскаў» цалкам:
На працягу 17 гадоў напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі і правядзення парадаў войскаў у Менску з боку лібероідаў усіх масцей гучаць аднолькавыя абвінавачванні ў неабгрунтаваным марнатраўстве, а ў 2011 годзе - наогул ці ледзь не ў арганізацыі сусветнага фінансавага крызісу!
Не стаў выключэннем і 2013 год.
Пакінем на сумленні дадзеных аўтараў адпаведныя дэмаршы. Бяда іх у тым, што яны былі і застаюцца вульгарнымі матэрыялістамі, якія спрабуюць вымераць у даляравым эквіваленце абсалютна ўсё - нават тое, што, па азначэнні, незлічонае.
Колькі каштаваў парад войскаў 7 лістапада 1941 года ў Маскве ва ўмовах амаль двухразовай перавагі праціўніка? Калі ў Генеральным штабе Чырвонай Арміі ўжо былі распрацаваныя планы абароны Сібіры і Ірана? Калі па ўсіх параметрах не тое што перамагчы, а выжыць немагчыма?..
Гэты парад каштаваў столькі, колькі каштуе Перамога над ворагам чалавецтва. Менавіта тады перамога маральнага духу ўпершыню ў сусветнай ваеннай практыцы дазволіла бліскуча ажыццявіць стратэгічную контрнаступальную аперацыю і разграміць моцнага праціўніка.
Колькі ж каштуе наш парад войскаў?
Ён таксама неацэнны, бо гэта тытанічная падзвіжніцкая праца тысяч людзей, гэта высокі маральны дух і адказнасць сучаснага пакалення абаронцаў Радзімы, гэта святая памяць аб найвялікшым подзвігу, гэта дэманстрацыя гатоўнасці надзейна забяспечыць мір на нашай зямлі.
Зразумела, што тлумачыць лібероіднай тусоўцы, што значыць тэзіс «нярэчыўнае кіруе светам», - справа бескарысная.
«Ці не сіла і грошы з'яўляюцца рухавіком гісторыі...» - скажуць яны.
Але сіла і грошы злічоныя. Дух - не. Злічонае - сфера прагматыкі. Незлічонае - сфера стратэгіі...
Таму парады войскаў Менскага гарнізона былі, ёсць і будуць - і ў 2013 годзе, і ў 2014 годзе, і ў наступным!
У сувязі са з'яўленнем відавочна правакацыйных матэрыялаў пра нібыта фантастычныя выдаткі ваеннага ведамства і дзяржавы ў цэлым на парады войскаў (нехта нават дагаварыўся да таго, што парад абыходзіцца падаткаплатнікам у 50 мільёнаў даляраў!) адмыслова быў праведзены разлік яго ўмоўнага кошту. Умоўнага - таму што па-за залежнасці ад канкрэтных формаў ваеннай дзейнасці, удзелу ў выкананні важных дзяржаўных задач ваеннаму ведамству вылучаецца на год канкрэтная сума сродкаў, у рамках якой і ажыццяўляюцца ўсе мерапрыемствы.
За апошнія тры гады на парады войскаў затрачвалася менш за 0,2% гэтых сродкаў.
Але кошт параду, як паказана вышэй, не вызначаецца даляравым эквівалентам. Менавіта таму «пятая калона» віскатала і будзе віскатаць на самай высокай ноце ў сувязі з любымі патрыятычнымі акцыямі, што праводзяцца ў нашай краіне.
Справа тут не ў эканамічнай праблематыцы, не ў кошце паліва, не ў сродках, што выдзяляюцца на абарону, а зусім у іншым.
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца па волі беларускага народа менавіта 3 ліпеня, - гэта святы сімвал.
Але 3 ліпеня - гэта не свята «беларускіх» радыкалаў. «Пятая калона» ненавідзіць гэтую святую для беларусаў дату і нават не хавае гэтага.
Духоўнымі прадцечамі сучаснай «пятай калоны» былі і застаюцца нацысцкія злачынцы тыпу гаўляйтэра Кубе і калабарацыяністы тыпу Франца Кушаля, Юльяна Саковіча, так званага прэзідэнта беларускай цэнтральнай рады Астроўскага і сучаснай пранацысцкай кампаніі...
Нянавісць радыкалаў-лібероідаў да савецкага мінулага, нянавісць да сапраўднага, нянавісць да беларускіх уладаў - усё гэта пераплялося і на працягу апошніх 17 гадоў выплюхваецца на інтэрнэт-старонках нібыта незалежных сайтаў.
Але выбар беларускага народа - сур'езна і надоўга. Гэты выбар зроблены і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў новым стагоддзі. Выбар - за Беларусь! За будучыню!
А доля калабарацыяністаў і іх паслядоўнікаў - гэта пагарда народа.
Таму ні ў каго не павінна быць сумневаў у тым, што ваенныя парады ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь абавязкова будуць праводзіцца.
Бо гэты дзень - наша галоўнае свята. Свята беларускай дзяржаўнасці.