The Times: Сланцавая рэвалюцыя знізіць кошты на нафту ўдвая
- 1.07.2013, 17:40
Эксперты нафтаздабываючай галіны прадказваюць, што з-за сланцавай рэвалюцыі ў бліжэйшыя 10 гадоў кошт нафты можа скараціцца ў два разы.
Экс-старшыня Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭРС) Джон Левелін сумесна з кампаніяй Puma Energy падрыхтаваў даклад, у якім гаворыцца, што большасць сучасных прагнозаў адносна коштаў на нафту не ўлічваюць значнасць новых тэхналогій здабычы нафты і газу са сланцаў.
Да 2020 года на сусветным нафтавым рынку могуць адбыцца змены, роўныя па маштабе карэннаму пералому 1970-х гадоў, калі кошты на нафту падскочылі ўдвая, упэўнены Левелін. Аднак на гэты раз трэнд будзе зваротным, піша The Times (пераклад - Inopressa.ru)
Кіраўнік адной з найбуйнейшых нафта-і газаздабываючых кампаній распавёў выданню, што, калі з-за сланцавага буму кошт на газ у ЗША застыне, кошт нафты зваліцца да 35 даляраў за барэль.
Заявы Левеліна супярэчаць леташняму прагнозу Міжнароднага валютнага фонду, згодна з якім да 2020 года кошт нафты можа ўдвая перавысіць бягучыя паказчыкі, адзначае аўтар артыкула. Даклад МВФ справакаваў новую хвалю турботы з нагоды таго, што чалавецтва неўзабаве вычарпае ўсе запасы нафты.
Спецыялісты таксама звяртаюць увагу: з-за магчымага падзення коштаў на нафту рэзка скароцяцца даходы краін-экспарцёраў, такіх як Саудаўская Аравія і Расея, што, у сваю чаргу, прывядзе да значных палітычных зменаў у гэтых дзяржавах, піша Сэмюэл.