BE RU EN

Крымінальную справу Ірыны Халіп накіравалі ў суд

  • 10.07.2013, 12:32

Крымінальную справу супраць беларускай журналісткі паўторна разгледзяць у судзе.

Крымінальна-выканаўчая інспекцыя Партызанскага РУУС Менска накіравала ў суд матэрыялы крымінальнай справы журналісткі Ірыны Халіп для паўторнага разгляду, піша БелаПАН.

«Калі я апошні раз хадзіла ў інспекцыю адзначацца, мне сказалі, што на мінулым тыдні справа была адпраўленая ў суд, - сказала яна. - З суда пакуль позвы не прыходзіла. Чакаю. Адтэрміноўка прысуду заканчваецца 21 ліпеня. Але гэта нядзеля, так што тэарэтычна пасяджэнне павінна адбыцца не пазней чым у наступную пятніцу, 19 ліпеня».

Па словах Халіп, суд павінен вырашыць, вызваліць яе, адправіць у калонію ці пакінуць у тым жа статусе яшчэ на нейкі тэрмін.

Нагадаем, 16 траўня 2011 года жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп была прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

Яна была асуджаная ў рамках справы аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Цяпер яна не мае права пакідаць Менск, абавязаная кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00.

Між тым Лукашэнка неаднаразова казаў пра тое, што Халіп можа выязджаць з краіны, і абяцаў арганізаваць ёй такую магчымасць.

13 лютага Халіп дазволілі выезд у Велікабрытанію для сустрэчы з мужам і ў Расею для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах «Новой газеты», дзе яна працуе. Яна вярнулася ў Беларусь 3 красавіка, у адведзены нагляднымі органамі тэрмін.

Апошнія навіны