BE RU EN

Станіслаў Шушкевіч: 27 ліпеня 1990 быў зроблены рашучы крок да незалежнасці

  • 27.07.2013, 8:38

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі распавёў аб прыняцці Дэкларацыі аб суверэнітэце.

Яна была ўхваленая дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР 23 гады таму. Пасля гэтага на працягу шасці гадоў 27 ліпеня было афіцыйным святам. Дэмакратычная грамадскасць працягвае адзначаць яго і цяпер, нягледзячы на тое, што Лукашэнка перанёс Дзень Незалежнасці на 3 ліпеня.

У інтэрв'ю «Радыё Рацыя» Станіслаў Шушкевіч распавёў пра гісторыю прыняцця гістарычнага дакумента.

«Дэкларацыя была прынятая, таму што ЦК КПБ ужо зразумеў, што трэба нешта рабіць. І перад гэтым шмат разоў з дапамогай камуністаў, якія былі ў Парламенце, адхіляюцца прапановы БНФ. Ні адна з прапаноў аб тым, каб прыняць Дэкларацыю аб суверэнітэце не разглядалася.

Але ў пачатку ліпеня прыйшоў сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў да Мікалая Дземянцея і той прапанаваў Рэзалюцыю аб незалежнасці. Яна складалася з 38 артыкулаў. Гэта была хутчэй «Рэзалюцыя залежнасці», таму што гэта была прыніжальная дэкларацыя, накіраваная ў бок Расеі.

У рэшце рэшт, было створана дзве камісіі, якія дапрацоўвалі прапановы Дэкларацыі. Я ўзначальваў камісію, якая дапрацоўвала палітычную частку. Другая камісія займалася агульнымі пытаннямі. У выніку мы распрацавалі фактычна новую Дэкларацыю. Яна складалася з 12 артыкулаў. І менавіта яе прыняў Вярхоўны Савет.

Пры прыняцці адбыўся пэўны кур'ёз. Зянон Пазьняк вельмі хацеў, каб яна была рашучай, каб там не згадвалася тое, што мы будзем працаваць над новай саюзнай дамовай. Гэтага практычна немагчыма было не згадаць. Амаль усе прадстаўнікі БНФ, якія ўваходзілі у фракцыю, выйшлі падчас галасавання за гэтую рэзалюцыю. А цяпер яны кажуць, што так зрабілі, каб за яе ўсе прагаласавалі. Гэта, прабачце, жарт. У выніку Дэкларацыя была прынятая», - сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Палітык мяркуе, што прыняцце дакумента ёсць найважнейшы крок у напрамку незалежнасці Беларусі.

«Я мяркую, што пасля 25 сакавіка 1918 года гэта быў самы рашучы крок у бок нашай незалежнасці. Калі не атрымоўваецца зрабіць 25 сакавіка святам незалежнасці, то 27 ліпеня мае на гэта права. Я мяркую, што гэта быў цудоўны крок. У далейшым і БНФ зразумеў, што гэта добры дакумент. Згодна з іх прапановай (я не верыў, што яна будзе прынятая) гэтай Дэкларацыі быў нададзены статус Канстытуцыйнага закона. Я мяркую, што гэта крок нармальнай барацьбы за незалежнасць, калі не заўсёды разумееш, як лепш, але калі заўсёды адданы справе», - упэўнены Станіслаў Шушкевіч.

Апошнія навіны