СК распачаў крымінальную справу паводле факта выкрадання Наталлі Шэлег
- 28.07.2013, 12:28
Следчыя органы распачалі крымінальную справу паводле артыкула «хуліганства», звязанага з гвалтоўнымі дзеяннямі ў дачыненні да дачкі лідара бабруйскіх прадпрымальнікаў.
Аб гэтым паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта ў Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк, паведамляе БелаПАН.
27 ліпеня 16-гадовая дачка бабруйскага апазіцыянера Вячаслава Шэлега, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», была шпіталізаваная ў Бабруйскую цэнтральную лякарню з падазрэннем на чэрапна-мазгавую траўму.
Са слоў бацькі, невядомыя ўдарылі Наталлю па галаве падчас ранішняй гімнастыкі, а затым дзяўчыну, якая страціла прытомнасць, вывезлі ў лес за 20 кіламетраў ад Бабруйска, дзе пакінулі яе, пры гэтым запэцкаўшы чорнай фарбай. Вячаслаў Шэлег звязвае інцыдэнт са спробай спэцслужбаў аказаць на яго ціск з мэтай яго адмаўлення ад актыўнай палітычнай дзейнасці.