Лукашэнка расказаў, што злавіў сома вагой 57 кілаграмаў
- 31.07.2013, 9:18
Беларускі кіраўнік распавёў, што на рацэ Прыпяць яму ўдалося вылавіць трох самоў.
«Я асабіста сома на 57 кг выцягнуў. 57, 24 і 7 кг - трох самоў злавіў», - адзначыў Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення правілаў палявання і рыбалоўства, піша «Інтэрфакс».
Рэагуючы на інфармацыю кіраўніка пра вылаўленага сома ў 57 кг, віцэ-прэм'ер урада Міхаіл Русы сказаў: «З мяне ростам». «Але не вагой ж», - заўважыў Лукашэнка.
«Я такі рыбак, як і паляўнічы, але часам успамінаю дзяцінства. Сяду, паспрабую...», - прызнаўся беларускі кіраўнік. Паводле яго слоў, зусім нядаўна «на Прыпяці рыбы не было». «Але там навялі парадак. Зараз там палец сунеш, і за палец рыба хапае», - заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, нядаўна сваім уловам пахваліўся расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Шчупак, якога, паводле яго слоў, удалося злавіць падчас рыбалкі ў Тыве, важыў больш за 20 кг. Блогеры і рыбакі ўсумніліся не толькі ў рэкордных памерах рыбы, але і ў самім факце рыбалкі.