«Свята» не для ўсіх
- 4.07.2013, 17:39
Трох актывістаў нацыянал-бальшавіцкага руху затрымалі напярэдадні парада ў Менску.
Нацболы Зміцер Паліенка, Аляксандр Палякоў і Дзяніс Гаўрыкаў былі затрыманыя ўвечары 2 ліпеня людзьмі ў цывільным па падазрэнні ў рабаванні.
Пасля актывісты былі дастаўленыя ў Кастрычніцкі РУУС, дзе на іх былі складзеныя пратаколы па артыкуле 17.1 КаАП за нібыта нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, паведамляюць нацболы ў сацыяльных сетках.
Палякоў пасля складання пратакола быў адпушчаны, бо з'яўляецца непаўналетнім.
Гэта ўжо не першы выпадак прэвентыўнага затрымання нацыянал-бальшавікоў перад афіцыйнымі святамі і візітамі кіраўнікоў замежных дзяржаў.
Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да Змітра Паліенкі і Дзяніса Гаўрыкава.
Суддзя вырашыў абмежавацца адседжанымі двума суткамі для абодвух.