Беларусь прадала Судану штурмавікі Су-24
- 19.08.2013, 12:57
Каля дзесяці беларускіх штурмавікоў былі выяўленыя на авіябазе ў Судане.
Пра гэта піша мясцовы блог secret-difa3 (пераклад - charter97.org).
«Таямніца, якой былі агорнутыя штурмавікі Су-24 з Беларусі, нарэшце вырашаная. Пасля чутак пра тое, што яны перададзеныя Йемену, дзесятак самалётаў заўважылі на авіябазе Вадзі Сайідна каля горада Амдурман разам з беларускімі персаналам і экіпажамі», - гаворыцца ў паведамленні, якое датаванае 18 жніўня 2013 года.
У блогу апублікаваныя і фатаграфіі самалётаў.
У паведамленні таксама адзначаецца, што суданскія паветраныя сілы нядаўна атрымалі таксама партыю Су-25 з Беларусі. Гэты лёгкі штурмавік галоўным чынам выкарыстоўваецца ў аперацыях супраць паўстанцаў і аперацыях падтрымкі з паветра.
«З'яўленне Су-24 у структуры ўзбраенняў Хартума надасць суданскім паветраным сілам значную агнявую моц. Гэта дазволіць Судану праводзіць глыбінныя ўдары ў выпадку канфліктаў з любым з яго неспакойных суседзяў», - гаворыцца ў паведамленні ў блогу.
У мінулым годзе ўсе штурмавікі Су-24 былі выведзеныя са складу Узброеных сіл Беларусі.
«Вы ведаеце, што ў авіяцыі ёсць такое паняцце - лётны рэсурс. Па планёру і па рухавіку», - патлумачыў міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін у лютым 2012 года. Ён таксама нагадаў, што ў часы СССР Беларуская ваенная акруга пераўзбройвалася адной з першых. Таму штурмавікі Су-24 паступілі сюды раней, а значыць, вырабленыя раней іншых узораў. «Самалёты былі ўжо не першай свежасці», - дадаў тады генерал-лейтэнант.
Міжнародныя арганізацыі раней паведамлялі пра тое, што зброя і ваенная тэхніка, вырабленыя ў Беларусі, выкарыстоўваюцца ўладамі Судана ў ваенных канфліктах на тэрыторыі краіны. Пастаўкі з Менска ў афрыканскую краіну ідуць у абыход санкцый ААН.
Адзін з іх - канфлікт у Дарфуры - здарыўся ў 2003 годзе, калі паўстанцы неарабскага паходжання выступілі супраць цэнтральнага ўрада. У выніку ваенных дзеянняў, паводле ацэнак міжнародных назіральнікаў, загінулі больш за 300 тысяч чалавек.
ААН увяла санкцыі на пастаўкі зброі ў правінцыю Дарфур у 2004 годзе. Праз год яны былі пашыраныя на ўвесь Судан. Кіраўнік гэтай афрыканскай краіны Амар аль-Башыр быў абвінавачаны ў генацыдзе і ваенных злачынствах Міжнародным крымінальным судом.
Эксперты ААН заяўляюць, што Судан парушыў рэзалюцыю Рады бяспекі арганізацыі №1591 і патрабуюць узмацнення яе жорсткасці.