Пракурор запатрабаваў для Яроменкі 6 месяцаў арышту
- 19.08.2013, 18:02
Былога палітвязня хочуць пасадзіць паўторна.
На працэсе, які праходзіць 19 жніўня ў судзе Першамайскага раёна Менска паводле справы былога палітвязня Уладзіміра Яроменкі, дзяржабвінаваўца прапанавала пакараць яго паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса (парушэнне прэвентыўнага нагляду) і прысудзіць да шасці месяцаў арышту, паведамляе БелаПАН.
Яна мяркуе, што віна Яроменкі даведзеная паказаннямі сведак і доказамі справы. Са слоў дзяржабвінаваўцы, гэта дазваляе казаць аб парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду.
У якасці абцяжарваючых абставін была названая ягоная нязнятая судзімасць.
У сваю чаргу адвакатка заявіла аб парушэннях падчас распачынання крымінальнай справы, а таксама падчас правядзення паводле яе праверак. Яна таксама мяркуе, што старана абвінавачвання не высвятляла, з якіх прычын Яроменак адсутнічаў на месцы жыхарства падчас праверак.
Прысуд актывісту будзе абвешчаны 20 жніўня а 9.45.
Фігурант крымінальнай справы аб масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Менску 19 снежня 2010 Уладзімір Яроменак быў асуджаны да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года вызвалены на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні.
Над ім усталявалі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 яго асудзілі на сем дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га - на 12 дзён арышту за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду.
Апошні прысуд Яроменак абскардзіў у Менскім гарадскім судзе, які накіраваў справу на новы разгляд назад у суд Першамайскага раёна сталіцы. У выніку 20 сакавіка Першамайскі суд, далучыўшы да ранейшых двух фактаў парушэння нагляду яшчэ адзін, прысудзіў Яроменка да 15 дзён арышту.
22 ліпеня Яроменку запрасілі ў Першамайскае РУУС Менска, дзе азнаёмілі з матэрыяламі распачатай у дачыненні да яго справы паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса.
Дзеянні ўлад у дачыненні да былога палітвязня праваабаронцы расцэньваюць як «палітычна матываваны ціск».