АМАП прыйшоў у казіно «Шангры Ла»
- 20.08.2013, 12:04
(абноўлена - 12:35) У Менску арыштавалі двух супрацоўнікаў казіно «Шангры Ла» па падазрэнні ў арганізацыі эскорт-паслуг VIP-кліентам.
Пра гэта паведаміла ў аўторак прэс-служба МУС Беларусі.
Падраздзяленнямі па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі, ГУУС Менгарвыканкама пры падтрымцы АМАП ГУУС праведзеная «аперацыя па спыненні злачыннай дзейнасці супрацоўнікаў казіно «Шангры Ла», а таксама іншых асобаў, якія падазраюцца ва ўцягванні ў занятак прастытуцыяй, выкарыстанні заняткаў прастытуцыяй, арганізацыі секс-турызму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў паведамленні.
У цяперашні час на тэрыторыі казіно аператыўныя супрацоўнікі МУС, Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз ажыццяўляюць дакументаванне і збор рэчавых доказаў у рамках расследавання крымінальных спраў, узбуджаных Цэнтральным РАСК у дачыненні да двух падазраваных (1985 і 1986 г.н.). Крымінальныя справы ўзбуджаныя па ч. 2 арт. 171 (выкарыстанне занятку прастытуцыяй або стварэнне ўмоў для заняткаў прастытуцыяй) і ч. 2 арт. 171-1 (уцягванне ў занятак прастытуцыяй альбо прымус да працягу заняццяў прастытуцыяй) КК Рэспублікі Беларусь.
У цяперашні час абодва падазраваных затрыманыя. Збор інфармацыі аб іх дзейнасці праводзіўся аператыўнымі супрацоўнікамі НіПТЛ з 2009 года - з моманту адкрыцця казіно. У ходзе праведзенай працы ўстаноўленыя факты неаднаразовага прадастаўлення заможным мужчынам, пераважна кліентам казіно «Шангры Ла», дзяўчат мадэльнай знешнасці для аказання платных інтымных паслуг.
Вышэйназванымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Казіно «Шангры Ла» Менск з'яўляецца складовай часткай міжнароднай сеткі казіно, якая знаходзіцца пад кіраваннем кампаніі «Storm International».
Стваральнікам і саўладальнікам Storm International з'яўляецца грамадзянін Велікабрытаніі Майкл Ботчэр. Былы таксіст у пачатку 1990-х гадоў пры падтрымцы расейскіх партнёраў арганізаваў у Маскве казіно Elite, Kings, Queens Wells Fargo. У 1995 годзе яму давялося расстацца з гэтымі ўстановамі, але замежнік стварыў новую - «Вінса Гранд», якая размясцілася на Таганскай плошчы. На базе гэтага казіно было створана Storm International, якое хутка перарасло ў холдынг, які адкрываў усё новыя гульнявыя залы.
Да забароны ігральнага бізнесу ў Расеі Storm International была адной з найбуйнейшых кампаній на гэтым рынку. У Расеі Storm валодала 10 прадпрыемствамі: пяццю буйнымі маскоўскімі казіно - «Нью-Йорк», «Шангри ла», «Ударник», «Карнавал», Jazz Town, сеткай ігральных залаў «Супер слотс», рэкламным агенцтвам Rich & Famous, сеткай бараў і рэстаранаў «Слот кафе», «Пит-мастер» у Санкт-Пецярбургу і інтэрнэт-казіно Gaming Resources.
Кампанія кіруе забаўляльнымі ўстановамі ў Германіі, Мексіцы, Арменіі, Беларусі і ў Расеі. У Маскве кампанія развівае толькі рэстаранны бізнес: забаўляльны комплекс Radio City Bar & Kitchen, Mon cafe, піўны рэстаран «Балагановъ».