Сакрэтны суд
- 22.08.2013, 10:51
Суд Віцебскага раёна не агучвае свае рашэнні адносна прымусовага лячэння Ігара Пастнова.
Справа доктара, які неаднаразова крытыкаваў улады горада і вобласці, разглядалася 21 жніўня, піша сайт ПЦ «Вясна».
Высновы суда засталіся таямніцай, але Ігар Пастноў па-ранейшаму не выходзіць на сувязь. Ёсць падставы меркаваць, што з псыхіятрычнай бальніцы яго не адпусцілі.
У сакратарыяце суда адмовіліся паведаміць вынікі пасяджэння.
Пра тое, што суд павінен вырашыць, ці будзе ўжытае прымусовае лячэнне да ўрача-псіхіятра Ігара Пастнова, даведаўся незалежны журналіст Уладзімір Жыгулаў.
Ён спрабаваў даведацца іншыя падрабязнасці ў галоўнага ўрача віцебскай абласной псіхіятрычнай бальніцы Алены Мартынавай, але яна не з'явілася на прызначаную ёй жа самой сустрэчу. А намеснік галоўнага ўрача на пытанні журналіста адказваць адмовіўся, заявіўшы, што спадар Жыгулаў «не мае акрэдытацыі», а газета «Витебский курьер» «не зарэгістраваная ў Беларусі».
«Хаця з суда няма звестак, але я разважаю так: калі б вырашылі не лячыць прымусова, то Пастнова выпусцілі б у бальніцы. І ён бы мне патэлефанаваў. А так - не чуваць, і я сам яму тэлефаную, але ён па-ранейшаму недаступны, усе паведамленні так і ідуць на галасавую пошту», - разважае Уладзімір Жыгулаў.
Віцебскі ўрач-псіхіятр Ігар Пастноў апынуўся на лячэнні ў псіхіятрычнай лякарні неўзабаве пасля апошняга відэавыступлення, адрасаванага землякам. Ён выказаў свае крытычныя меркаванні аб стане віцебскай медыцыны, прымусовым кадаванні ад алкагалізму, а таксама пра тое, што яго самога запалохваюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем.